У Міністэрстве энергетыкі днямі прайшла сустрэча намесніка Прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча з кіраўніцтвам «ЦВЭЛ» — паліўнай кампаніі «Расатам».
— Супрацоўніцтва з кампаніяй развіваецца па многіх кірунках. Гэта пастаўкі ядзернага паліва для БелАЭС, рэалізацыя праекта па ўзвядзенні пункта пахавання радыеактыўных адходаў, развіццё сістэм назапашвання энергіі, адытыўных тэхналогій і электрамабільнасці. Многія праекты ў нашым партфелі — гэта праекты будучыні, накіраваныя на ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту краіны, — адзначыў Віктар Каранкевіч.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел міністр энергетыкі Дзяніс Мароз, прадстаўнікі «Мінэнерга», Мінпрама, МНС, НАН Беларусі, а таксама арганізацый энергетычнага комплексу і прадпрыемстваў, задзейнічаных у рэалізацыі сумесных праектаў, паведамілі ў прэс-службе «Мінэнерга».
Тут дадалі, што асаблівая ўвага на сустрэчы была аддадзена рэалізацыі пілотных праектаў па ўстаноўцы сістэм назапашвання энергіі, развіццю кампанентнай базы для электрамабіляў, рабоце Цэнтра адытыўных тэхналогій і стварэнню ў Беларусі пункта пахавання радыеактыўных адходаў. Бакі абмеркавалі бягучы статус сумесных праектаў і далейшыя крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння.
У прыватнасці, у дачыненні да сістэм назапашвання энергіі ў Беларусі мы ўкараняем стацыянарныя сістэмы назапашвання энергіі на аб’ектах энергасістэмы. Мэтай з’яўляецца павышэнне
надзейнасці электразабеспячэння і інтэграцыя новых тэхналогій у прамысловасць. У ліку асноўных праектаў — пілотныя ўстаноўкі на Мазырскай ЦЭЦ для стабілізацыі нагрузкі, прымяненне на прамысловых прадпрыемствах — МАЗ, БелАЗ, «Белкамунмаш».
Як адзначылі ў профільным ведамстве, супрацоўніцтва з «ЦВЭЛ» дазваляе Беларусі тэсціраваць перадавыя тэхналогіі назапашвання энергіі, што ўмацоўвае надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў.
Тут звярнулі ўвагу на важнасць таго, што гэтыя праекты не толькі энергетычна эфектыўныя, але і ствараюць аснову для будучай электрамабільнай інфраструктуры ў краіне.
Таксама на сустрэчы абмяркоўваўся адзін з перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва — развіццё адытыўных тэхналогій. У прыватнасці, у Мінску дзейнічае сумесны цэнтр адытыўных тэхналогій, арыентаваны на ўкараненне 3D-друку ў прамысловасць і энергетыку. Гэта выраб камплектуючых і запасных частак для прадпрыемстваў, скарачэнне тэрмінаў вытворчасці і рамонту абсталявання, зніжэнне залежнасці ад імпартных паставак і развіццё інжынерных кампетэнцый.
Дарэчы, тэхналогіі 3D-друку ўжо прымяняюцца для патрэб энергетычнага комплексу і машынабудавання. Ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі вытворчасцяў гэта становіцца асабліва важным.
— Для «Расатама» Рэспубліка Беларусь з’яўляецца стратэгічным партнёрам. АТ «ЦВЭЛ» і прадпрыемствы паліўнага дывізіёна рэалізоўваюць інавацыйныя праекты ў галіне ядзернага паліва і перадавых галін, якія адносяць да новага тэхналагічнага ўкладу. Усімі сваімі дасягненнямі мы гатовыя дзяліцца з нашымі беларускімі партнёрамі. Шэраг праектаў ужо паспяхова рэалізаваны, аднак патэнцыял нашага супрацоўніцтва, несумненна, распасціраецца значна шырэй. Наша супрацоўніцтва будзе садзейнічаць тэхналагічнаму развіццю і ўмацаванню прамысловага суверэнітэту нашых краін, — адзначыла прэзідэнт АТ «ЦВЭЛ» Наталля Нікіпелава.
Гэтыя кірункі — частка маштабнай беларуска-расійскай праграмы супрацоўніцтва, якая аб’ядноўвае атамную энергетыку, навуку і прамысловасць у партфель праектаў будучыні.