Больш хутка і надзейна
Новыя тэхналогіі з’яўляюцца не толькі дзякуючы энергіі візіянераў, але зыходзячы з выклікаў часу. Развіццё станкабудавання абумоўлена некалькімі парадыгмамі. З аднаго боку, з’яўленне новых матэрыялаў, датчыкаў, кантролераў і іншых электронных кампанентаў адкрывае шырокія магчымасці для ўдасканалення сродкаў вытворчасці. З іншага, сістэмны дэфіцыт рабочай сілы ўжо ў большасці эканомік падштурхоўвае ствараць высокапрадукцыйнае абсталяванне з мінімальнымі працавыдаткамі на адзінку прадукцыі, што выпускаецца. Зыходзячы з гэтых парадыгмаў развіваецца і сусветнае, і беларускае станкабудаванне. Аб асноўных тэндэнцыях галіны расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ім. Сухога Рыгор ПЯТРЫШЫН.


Ад нарыхтоўкі да гатовага вырабу
Эксперт звярнуў увагу на такую тэндэнцыю, як пашырэнне функцыяналу абсталявання. Такарны апрацоўчы цэнтр павінен умець і свідраваць, і фрэзераваць, і выконваць іншыя аперацыі. Ёсць мадэлі, у якіх ўсталёўваюцца шліфавальныя модулі. Адзін з апошніх трэндаў — інтэграцыя адзітыўных тэхналогій. Дэталь апрацоўваецца, а потым на яе наплаўляюць дадатковыя элементы. Іншымі словамі, станкі рухаюцца па шляху забеспячэння поўнага цыкла апрацоўкі дэталі: ад нарыхтоўкі да гатовага вырабу. Як патлумачыў Рыгор Пятрышын, такі падыход павышае дакладнасць апрацоўкі: яна адбываецца ў адным месцы. Калі загатоўка пераязджае ад станка да станка для здзяйснення розных тэхналагічных перадзелаў, то кожны раз даводзіцца яе пазіцыянаваць па каардынатах. І немінуча ўзнікае хібнасць.


Акрамя таго, шматфункцыянальныя цэнтры кардынальна зніжаюць патрэбу ў рабочай сіле. На думку эксперта, прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць прынцыпы вытворчасці 5.0 не будуць займацца купляй і інтэграцыяй вузкаспецыялізаваных станкоў і выбудоўваць іх у тэхналагічны ланцужок, а будуць арыентавацца на шматфункцыянальнае абсталяванне. Для дробна- і сярэднесерыйнай вытворчасці, характэрнай для сучаснай эканомікі, якая адрозніваецца хуткім абнаўленнем лінейкі прадукцыі, гэта з’яўляецца аптымальным варыянтам: такі станок стаіць у бязлюдным цэху і працуе круглыя суткі.
Яшчэ адзін трэнд — інтэграцыя станка і маніпулятара. Рыгор Пятрышын канстатаваў: кітайскія станкі новага пакалення ў большасці сваёй у базавай камплектацыі прадугледжваюць наяўнасць робата. Як адзначыў прарэктар, такое абсталяванне ўжо прадаецца. Праўда, яго ніша пакуль адносна невялікая, але ўвесь час пашыраецца. Па перакананні спецыяліста, для шырокага ўкаранення станкоў новых пакаленняў неабходна, каб спажыўцы — апрацоўчая галіна — выйшлі на выпуск прадукцыі, для якой прынцыпова важная павышаная дакладнасць апрацоўкі. А попыт і маркетынгавая стратэгія дазволяць выйсці на аб’ёмы вытворчасці, неабходныя для загрузкі высокапрадукцыйнага і дарагога абсталявання.
У цэлым Рыгор Пятрышын адзначыў: беларуская станкабудаўнічая галіна здольная ствараць і выпускаць якаснае і сучаснае абсталяванне: у краіне ёсць добрая навуковая і інжынерная школа па гэтым кірунку.
Формула кансалідацыі намаганняў
Зараз ствараецца станкабудаўнічы холдынг, які аб’яднае ўсе ключавыя профільныя прадпрыемствы. Гэта, на думку эксперта, дазволіць больш эфектыўна і рацыянальна выкарыстоўваць кампетэнцыі ў галіне праектавання, правядзення даследчых работ. Больш за тое, будзе магчымасць укараняць палітыку разумнай уніфікацыі, каб зніжаць сабекошт.
У частцы вытворчасці тэхналагічнага абсталявання неабходна ўвогуле больш цесна наладжваць супрацоўніцтва і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ЕАЭС, упэўнены Рыгор Пятрышын. З аднаго боку, канкурэнцыя беларускіх і расійскіх кампаній спрыяе развіццю. З іншага — патрабуе рэсурсаў, якія можна было б накіраваць на развіццё. Формула кансалідацыі намаганняў не з’яўляецца простай, бо ва ўсіх вытворцаў ёсць свае інтарэсы. Але агульныя падыходы і прагматычнае ўзаемадзеянне неабходна шукаць. Як бы ні развівалася міжнародная сітуацыя, але тэхналагічная бяспека не здымаецца з парадку дня. Тым больш, што станкабудаванне — адна з самых навукаёмістых галін. І менавіта яна закладвае ў пэўнай ступені стандарты развіцця іншых галін.


Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ