Top.Mail.Ru

Беларускаму скансэну — 50 гадоў

«Новая зямля» драўлянай архітэктуры

«Школа патрыятызму, школа павагі да працы і працоўных людзей, школа выхавання пачуццяў прыгожага на самых дасканалых, вякамі адточаных, народных узорах — вось што такое музей пад адкрытым небам», — гэта ўрывак з артыкула «Наш агульны клопат» Уладзіміра Караткевіча, які «Звязда» надрукавала ў сакавіку 1977 года. У ім пісьменнік гаварыў пра важнасць стварэння музея народнай архітэктуры і побыту, звяртаўся да грамадскасці з цэлай праграмай, што трэба захаваць, апісаць, сабраць — ад будынкаў да прадметаў, якія стануць экспанатамі. Не ўсе былі гатовы прыняць такую грандыёзную ідэю і яе маштабы (плошча музея пад адкрытым небам каля 150 га), былі і тыя, хто лічыў, што хопіць і двух-трох дамкоў.

Запавет Караткевіча

Гэта публікацыя ў многім падштурхнула справу, лічыць прафесар кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ Сяргей СЕРГАЧОЎ, які ў 1977 годзе быў абраны кіраўніком рабочай групы па стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (на правах дырэктара): «Пастанова аб стварэнні музея была прынята ў снежні 1976 года. Было цяжка з фінансамі. Былі тыя, хто не разумеў, навошта ствараць яшчэ адзін музей. Пасля артыкула Караткевіча нам пісалі людзі, расказвалі пра цікавыя аб’екты. У той час адчувалася, што адбываецца пераварот у свядомасці — замест глабальнай сусветнай гісторыі, навін пра падзеі за мяжой людзям стала цікава тое, што побач — гісторыя сваёй вёскі, дома»...

1970-я гады — час, калі адбывалася масавае перацяканне насельніцтва ў гарады. Паўстала пагроза знікнення традыцыйных вёсак, а разам з імі помнікаў драўлянага дойлідства. Скансэн павінен быў стаць не проста музеем драўлянай архітэктуры, а сапраўдным парталам у мінулае, які злучае пакаленні, спрыяе захаванню традыцый і духоўнай культуры. Караткевіч гэта востра адчуваў. Напэўна, разумеў, што музей стане такім жа помнікам мінуламу, якое знікае, як і «Новая зямля» Коласа, толькі не літаратурным, а матэрыяльным, жывой прасторай памяці.

Задача стаяла няпростая — з розных рэгіёнаў перавесці помнікі драўлянага дойлідства, планавалася, што іх будзе больш за 250. І ўсё гэта трэба было адшукаць, выратаваць, сабраць, аднавіць. Даводзілася знаходзіць і спадчыннікаў, некаторыя з якіх перабраліся ў гарады...

Да справы падключыўся Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук. Вучоныя прапанавалі дзяленне на гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны, яны таксама ездзілі ў экспедыцыі. Адначасова працавалі архітэктары, гісторыкі, этнографы. Рабіліся замеры будынкаў, паралельна збіраліся экспанаты.

«Устаноўка была, што мы едзем не на пэўную тэрыторыю, а да людзей, яны дапамогуць у пошуках. А ўявіце, у вёсцы з „уазіка“ выходзяць незнаёмцы, просяць дазволу зайсці ў хату. Натуральна, што да нас недзе ставіліся з недаверам, часам не пускалі. Але ў той час было зроблена багата цікавых адкрыццяў, мы бачылі хаты з саламянымі стрэхамі, у якіх яшчэ жылі людзі, запісвалі гісторыі, звязаныя з будучымі экспанатамі», — расказвае прафесар Сергачоў.

Падчас адной з экспедыцый ў Касарычах Глускага раёна быў знойдзены грамадскі свіран, які называлі «магазін» — яго сёння можна пабачыць у скансэне. Калі збіраўся ўраджай, кожная сям’я па рашэнні вясковай абшчыны засыпала туды пэўныя нормы збожжа, грэчкі, гароху. Калі ў каго здаралася бяда, з гэтай «агульнай касы» людзі атрымлівалі дапамогу. Менавіта падчас размоў з людзьмі ўдзельнікі экспедыцый бачылі, як архітэктура і нават прадметы побыту пачынаюць гаварыць. Складваліся цэлыя гісторыі пра жыццё рэгіёнаў, асобных вёсак, гаспадароў. У такіх вандроўках былі знойдзены і іншыя ўнікальныя аб’екты, нават была ідэя пад іх стварыць асобную экспазіцыйную зону.

Сяргей Сергачоў упэўнены, што яго каманда здзейсніла подзвіг. Былі складанасці з фінансаваннем работ па артыкуле «капітальнае будаўніцтва». А тут дамы трэба было разбіраць, перавозіць, збіраць. Музейныя работнікі, вучоныя самі браліся за такую справу, бо разумелі, што драўляныя помнікі могуць папросту знікнуць.

Калі справа пайшла, нарэшце была выдзелена зямля. «Месца мне дапамагаў шукаць археолаг Георгій Штыхаў і спецыялісты праектнага інстытута „Мінскпраект“, якія добра ведалі ваколіцы Мінска. За два кіламетры ад Азярца, дзе вырашана было зрабіць музей, — гарадзішча на Менцы. Адразу ўзнікла разуменне, што трэба захаваць дыстанцыю, каб у будучым там таксама мог з’явіцца музей Спадабалася і тое, што побач — вёска Строчыцы. Была ў мяне ідэя, што людзі змогуць у музеі бачыць старую, традыцыйную вёску, а за яго тэрыторыяй — сучаснае жыццё, дзе квохчуць куры», — згадаў Сяргей Аляксеевіч. Вось толькі гэта былі высакабальныя землі, якія Міністэрства сельскай гаспадаркі ні ў якую не хацела аддаваць. Плюс яны знаходзіліся на тэрыторыі двух калгасаў. Справа вырашылася, калі было прынята рашэнне аб стварэнні турыстычнага маршруту накшталт «залатога кальца» , у які ўпісваўся і музей архітэктуры і побыту.

Хата на сохах і людзі на балоце

Сёння на тэрыторыі музея пад адкрытым небам сабрана 25 гісторыка-культурных каштоўнасцяў архітэктуры і тысячы помнікаў этнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта комплексы будынкаў, якія прадстаўляюць тры экспазіцыйныя сектары — Цэнтральную Беларусь, Падняпроўе і Паазер’е. Пакуль прадстаўлена толькі палова Беларусі, але сабраны матэрыял, які дазволіць паказаць і Панямонне, і Палессе: нават калі некаторыя з нагледжаных у экспедыцыях будынкаў не захаваліся, ёсць іх фота і абмеры. «Вельмі шкада „хату на сохах“ з вёскі Падбалоцце Зэльвенскага раёна. Яна б магла стаць адным з сімвалаў музея. Такіх я больш нідзе не бачыў, відаць, канструкцыя перадавалася з вельмі старажытных часоў. „Саха“ — ствол дрэва, які раздвойваецца ўверсе, іх ставілі па восі дома, каб падтрымліваць дах. Тады на сцены была меншая нагрузка, і яны служылі даўжэй», — прафесар прыводзіць прыклад будынка, які варта б было аднавіць.

Магчыма, сучасныя тэхналогіі, мультымедыя дазволяць расказаць і пра асаблівасці жыцця на Палессі, тым больш, што захаваліся фота з людзьмі на балоце. Калі зямлі не хапала, старэйшаму сыну бацька мог выдзеліць невялікі кавалак, і той «у хвост» старому дому дабудоўваў сваё жытло, так паўтаралася і з іншымі дзецьмі. Часам такія канструкцыі, як «паравозікі», дасягалі ста метраў. Свіней, кароў на лета на лодках гаспадары завозілі на астраўкі, дзе тыя вольна пасвіліся, бо ніякі драпежнік не дабярэцца, а да восені жывёл забіралі.

Сяргей Сергачоў упэўнены, што і сёння можна знайсці ўнікальныя помнікі. Напрыклад, у Кобрынскім раёне ён бачыў хату з чатырох вянцоў з дубу (а звычайна ў сцяне іх клалі каля 12). Сёння патрэбны новыя экспедыцыі, у тым ліку і для пошуку ідэй. Народнае дойлідства можа расказаць пра разуменне чалавекам прыроды, пра тое, як ён упісваўся ў яе, як розніўся ўклад. Напрыклад, у Паазер’і да дома прымыкаў хлеў, патрапіць у які можна было праз дзверы ў сенях. Зімы былі снежныя, усё замятала, а так, каб пакарміць жывёлу, не трэба было выходзіць на вуліцу. На Палессі не хапала елак, і дамы будавалі з дубу, там цяплей, і гэты матэрыял падыходзіў, а на Віцебшчыне ў хатах з такімі сценамі было б холадна. Цікавы не толькі тыпы пабудоў, прыёмы, але і іх назвы. Напрыклад, на Палессі клалі «кут у каню», калі кожнае бервяно выступае. Відаць, цеслярам ён нагадаў спецыфічны хвост канюка, што лётаў над балотамі.

Архітэктура можа адлюстроўваць і гісторыю. Сяргей Аляксеевіч згадаў, што калі толькі будаваўся музей, прыйшоў ліст, аўтар якога расказваў пра маленькія хаткі на Ігуменшчыне. Калі туды паехалі з экспедыцыяй, сапраўды знайшлі хаткі з шырынёй фасада ўсяго 4 метры. Аказалася, што іх ставілі пасля вайны. Падчас акупацыі ўсё было спалена, а пасля вызвалення трэба было хутка адбудоўвацца, драўніны не хапала, многія жанчыны засталіся без мужоў... Такая хатка таксама магла б быць у скансэне...

Вялікае падарожжа

Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту ўдалося спраўдзіць адну з ідэй, пра якія напісаў Караткевіч. Гэта прастора, якая жыве, тут праводзяцца народныя святы, абрады, рэканструкцыі. Вядзецца навуковая работа, пошукі экспанатаў. На канферэнцыі «Памяць продкаў праз музейны свет», прысвечанай юбілею ўстановы, абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця скансэнаў. Мерапрыемства сабрала музейшчыкаў, вучоных і багата студэнтаў. Падчас канферэнцыі я пацікавілася ў Сяргея Сергачова, ці можна сучасную моладзь далучыць да пошуку гісторый, што стаяць за архітэктурай.

«Вырасла пакаленне, якому неабыякава, дзе яно жыве, гісторыяй яны цікавяцца больш, чым, напрыклад, прадстаўнікі індустрыяльнага грамадства, якія думалі пра пабудову заводаў, развіццё эканомікі, наладжванне побыту. Сёння цэніцца інфармацыя», — адказаў прафесар. Скансэн, на яго думку, мог бы стаць месцам, дзе можна захоўваць звесткі не толькі пра драўляную архітэктуру, але і, напрыклад, пра дамы з гліны. На Гродзеншчыне ў міжваенныя часы мінулага стагоддзя, калі не хапала будаўнічага лесу, дамы маглі рабіць нават з дроў, паляніцай пакладзеных на гліну. Цікава будзе сабраць гісторыі і пра сельскія клубы альбо пра малую энергетыку. Уявіце: людзі жылі без святла. А як мянялася жыццё, калі будаваліся электрастанцыі? Тэм для пошуку багата. І добра, калі скансэн будзе не толькі збіраць інфармацыю, але і натхняць на падобныя даследаванні.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю