Top.Mail.Ru

Беларуская абаронка актыўна развіваецца і дэманструе рэкордныя лічбы

Днямі на базе сталічнага ААТ «Агат — сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынга «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» прайшла выстаўка дасягненняў айчыннага ваенна-прамысловага комплексу, на якой можна было ўбачыць больш за 140 натурных узораў і макетаў найбольш сучаснай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння. Непасрэдна сама дэманстрацыя была прымеркавана да пасяджэння калегіі Дзяржкамваенпрама і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму па выніках дзейнасці за 2024 год, а таксама прысвечана вызначэнню планаў і задач на 2025 год. Адразу варта адзначыць, што летась аб’ёмы прамысловай вытворчасці беларускай абаронкі дасягнулі рэкорднай лічбы.


Па словах старшыні Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса, у мінулым годзе ўдалося забяспечыць рэкордны за гісторыю Дзяржкамваенпрама экспарт тавараў і паслуг, а таксама захаваць геаграфію экспарту.

— Быў узяты чарговы рэкорд за ўсю гісторыю сістэмы Дзяржкамваенпрама. Мы імпартазамясцілі дэталяў, вузлоў і работ, якія выкарыстоўваліся пры стварэнні сучасных відаў узбраення, на суму каля 147 мільёнаў долараў. І гэта за апошнія гады сур’ёзная лічба, — адзначыў старшыня Дзяржкамваенпрама.

Акрамя фінансавага боку справы, прадпрыемствамі беларускай абаронкі быў выкананы ў поўным аб’ёме Дзяржабаронзаказ-2024, а таксама актыўна выконвалася 161 доследна-канструктарская работа па распрацоўцы новых узораў. Як вынік, у 2024 годзе ва Узброеныя Сілы было пастаўлена каля 4000 адзінак новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і дапаможнага абсталявання. Асвоена серыйная вытворчасць прынятых на ўзбраенне ў рамках дзяржабаронзаказу новых узораў прадукцыі. І менавіта частку гэтай сучаснай і перспектыўнай прадукцыі, якая не так даўно была пастаўлена на ўзбраенне, і можна было ўбачыць на выставачных плошчах на тэрыторыі ААТ «Агат — сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынга «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання».

У прыватнасці, тут былі прадстаўлены варыянты мадэрнізаванага ЗРК «Бук» і айчынная ракета да дадзенага комплексу, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, абсталяваныя сучаснымі лічбавымі сістэмамі навядзення і кіравання, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы і гранатамётны «Сапфір», сродкі агнявога паражэння і кіравання, сувязі і забеспячэння.

Асаблівая ўвага была ўдзелена беспілотнікам, бо іх шырокае выкарыстанне патрабуе адпаведна і развіцця сродкаў барацьбы з імі, як з дапамогай уздзеяння радыёэлектроннай барацьбы на каналы кіравання гэтымі беспілотнікамі, так і на іх фізічнае знішчэнне.

У гэтым кірунку дэманстраваўся баявы модуль «Сапсан» і сродак радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнікам «Фумігатар». Акрамя ўжо звыклага набору сучаснай стралковай зброі, дэманстраваліся і сродкі індывідуальнай бронеаховы. Увогуле, выстаўка чарговы раз прадэманстравала, што якасць і надзейнасць — гэта добра вядомы брэнд беларускіх збройнікаў, які дазваляе нашай краіне быць мірнай і суверэннай дзяржавай.

Сяргей Чычылаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю