Top.Mail.Ru

Беларуская душа ў вершах. Да 175-годдзя з дня нараджэння Янкі Лучыны

Сёння спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Янкі Лучыны — аднаго з тых беларускіх паэтаў і літаратараў XIX стагоддзя, якія з асаблівым хваляваннем і пяшчотай ставіліся да народных традыцый нашай краіны і дзівоснай прыгажосці беларускай зямлі, расказвае БелТА.


Янка Лучына (сапраўднае імя — Іван Люцыянавіч Неслухоўскі) нарадзіўся 6 ліпеня 1851 года ў Мінску. Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх.

Янка Лучына — адзін з асноўных псеўданімаў Івана Неслухоўскага. Ім ён падпісваў беларускамоўныя творы. Псеўданім паходзіў ад прыдомка Лучыўка, першай часткі складанага прозвішча роду паэта, і сімвалізаваў духоўнае яднанне яго творчасці з беларускім народам, яго асветную ролю. Таму што лучына ў тыя часы была крыніцай святла ў вясковай хаце.

Свой першы верш будучы беларускі паэт напісаў у дзевяцігадовым узросце.

Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у прыватнага настаўніка. У 1865 годзе быў прыняты ў Мінскую гімназію адразу ў трэці клас. Пасля яе заканчэння стаў студэнтам матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе правучыўся толькі адзін год (1870-1871), нечакана выбраўшы для сябе прафесію інжынера і паступіўшы восенню 1871 года ў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут. Скончыўшы яго ў 1877 годзе, працаваў начальнікам галоўных чыгуначных майстэрань у Тыфлісе (цяпер Тбілісі).

У адзін з прыездаў у Мінск Янку Лучыну напаткала няшчасце: пасля няўдачнага падзення ў яго паралізавала ногі. Дзякуючы працягламу лячэнню ён зноў змог хадзіць, праўда, толькі абапіраючыся на мыліцы. Бяда, аднак, не пахіснула жыццялюбства Лучыны, не адабрала прагі дзейнасці. У Тыфліс ён больш не вярнуўся. Яму ўдалося ўладкавацца на работу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі. Аднавіцца дапамагло і захапленне паляваннем і рыбалкай, з якімі Янка не збіраўся развітвацца.

Жыццёвы шлях Янкі Лучыны арганічна зліўся з літаратурнай творчасцю, якая адлюстроўвае яго філасофскія, сацыяльныя, грамадска-палітычныя погляды. Росквіт яго творчасці прыпадае на сярэдзіну 1880-х гадоў. Менавіта ў гэты перыяд паэт упершыню выступіў у друку з рускамоўным вершам «Не ради славы иль расчета» (размешчаны ў першым нумары газеты «Минский листок», 1886). У 1887 годзе ён напісаў першыя вершы на беларускай мове «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею Манько». Аднак гэтыя творы не публікаваў. У друку ж ён дэбютаваў з вершам «Вясновай парой» («Минский листок», 1889). Потым былі апублікаваны вершы «Роднай старонцы» і «Пакуль новы год настане на свеце». У «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» надрукаваны беларускі варыянт раздзела «Стары паляўнічы» (пад назвай «Стары ляснік»).

Вядома, што акрамя вершаў ён таксама пісаў на беларускай мове паэмы, але яны не захаваліся. Акрамя таго, Янка Лучына вядомы як перакладчык.

Беларускія вершы паэта шчырыя і натуральныя, ім характэрна апавядальная інтанацыя. Тэматычна яны звязаны пераважна з жыццём беларускай вёскі: галоўным героем выступае селянін. Менавіта ён адлюстроўваецца аўтарам найбольш вартым прадстаўніком Радзімы, носьбітам сапраўднай высокай маральнасці, які заўсёды захоўвае традыцыі і звычаі продкаў.

Янка Лучына пражыў нялёгкае, але высакароднае і мужнае жыццё. У сваёй творчасці імкнуўся да ўдасканалення культуры пісьма, узбагачэння форм паэтычнай вобразнасці і выразнасці. Паэзія Янкі Лучыны разам з творчасцю такіх пісьменнікаў, як В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч, А. Абуховіч, абуджала грамадзянскую нацыянальную самасвядомасць беларускага народа, прымушала яго задумацца над сваім лёсам. Творчасць паэта аказала значны ўплыў на далейшае развіццё беларускай літаратуры, фарміраванне прынцыпаў беларускіх пісьменнікаў пачатку XX стагоддзя.

Памёр Янка Лучына 16 ліпеня 1897 года ва ўзросце 46 гадоў. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У гонар славутага паэта названы вуліца і гімназія нумар 40 у Ленінскім раёне Мінска.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю