Top.Mail.Ru

Беларуская эканоміка дэманструе рост выручкі і прыбытку

Пры ўсіх складанасцях, якія, зрэшты, фіксуюцца па ўсім свеце, беларуская эканоміка адчувае сябе фінансава ўстойліва. Несумненна, ёсць некаторыя недапрацоўкі па фізічным выпуску тавараў у пэўных галінах, але часцей за ўсё гэта звязана з трансфармацыяй знешняга попыту. Аднак калі браць у цэлым макраэканамічны ландшафт з пункту гледжання фінансаў, то справы ў нас выглядаюць нядрэнна.


Па апошніх удакладненых даных, апублікаваных Нацыянальным статыстычным камітэтам, летась выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг склала 
527,7 мільярда рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з мінулым годам на 9,4 % у супастаўных цэнах. Прыбытак за гэты ж перыяд вырас да 34,9 мільярда рублёў (плюс 10,9 %). Рэнтабельнасць продажаў павялічылася на 0,1 працэнтнага пункта — да 6,6 %.

Устойлівасці айчынай эканомікі шмат у чым спрыяла яе шырокая дыверсіфікацыя. Развітая галіновая структура дазваляе гнутка рэагаваць на знешнія шокі. Знешнія рынкі імкліва змяняюцца, кан’юнктура цэн няўстойлівая на ўсе віды сыравіны, прадукцыі, тавараў. У нейкай ступені Беларусь захавала ўніверсальнасць насуперак яшчэ нядаўна распаўсюджанай тэндэнцыі да спецыялізацыі. І цяпер разнапланавасць нашай эканомікі выцягвае яе, дазваляе досыць паспяхова балансаваць і захоўваць устойлівасць, нягледзячы на знешнія трансфармацыі.


У пачатку дзесяцігоддзя ключавымі драйверамі з’яўляліся прамысловасць, будаўніцтва і гандаль. Цяпер у сілу абвастрэння канкурэнцыі і перафарматавання структуры попыту на нашых знешніх рынках замарудзіліся некаторыя індустрыяльныя галіны. Не зусім здавальняюча выглядае будаўнічая галіна. Падазраю, і ў сілу росту цэн на першасным і другасным рынках. Тут неабходна карэкціроўка, каб аднавіць попыт.

Затое пазітыўную дынаміку дэманструюць высокатэхналагічныя кампаніі, а таксама сельская гаспадарка і перапрацоўчы бізнес. У прыватнасці, чысты прыбытак лічбавай эканомікі дасягнуў 3,1 мільярда рублёў (у 2019 годзе ён складаў 2 мільярды). Дынамічней за ўсіх расла сфера лічбавага гандлю: рост чыстага прыбытку з 19,7 мільёна да 136 мільёнаў рублёў. І кан’юнктура цэн на прадукты харчавання цяпер вымалёўваецца вельмі прыстойная з прагнозам на павышэнне сусветных цэн.

Не выклікае сумневу, што запушчаны інвестыцыйны цыкл у прамысловасці, актывізацыя на гарызонтах «далёкай дугі», а таксама падладка наменклатуры вытворчасці пад новую структуру попыту дадуць свае вынікі, і прамысловасць вернецца ў станоўчую зону росту.


Але ў цэлым фінансавыя вынікі ў разрэзе апошніх 7 гадоў адлюстроўваюць высокую сейсмічную ўстойлівасць беларускай эканомікі. У 2025 годзе ў параўнанні з 2019-м выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг павялічылася ў намінальным выражэнні ў два разы: з 240 мільярдаў да 527 мільярдаў рублёў. Чысты прыбытак за той жа перыяд павялічыўся з 10,4 мільярда да 21,7 мільярда рублёў. Для гэтага паказчыка самым складаным быў «ковідны» 2020 год. Тады чысты прыбытак знізіўся да 5,5 мільярда рублёў. А ў наступным толькі стабільна рос, за выключэннем 2023 года, калі адбылася некаторая карэкцыя, але яна была неістотнай.

У тым жа няпростым 2020-м былі зафіксаваны і самыя адчувальныя страты арганізацый — 6,7 мільярда рублёў. Да 2025 года гэты паказчык знізіўся да 5 мільярдаў рублёў. Пагаджуся, з аднаго боку — шмат, але з улікам усіх знешніх фактараў цалкам дапушчальна, бо ў перыяды перабудовы пад новыя рэаліі даводзіцца несці дадатковыя выдаткі. Такое становішча рэчаў выглядае дапушчальным з пункту гледжання макраэканомікі, так як чысты прыбытак арганізацый павялічыўся з 12,3 мільярда ў 2019 годзе да 26,7 мільярда рублёў у мінулым годзе: вырас больш чым у два разы.

Гэта значыць, што ў краіне ёсць галіны-драйверы. Яны могуць змяняць адно аднаго на розных этапах, але ў цэлым заўсёды ёсць імпульсы для развіцця. І яны ўзмацняюцца.


Вельмі важна, што гэтых вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы развіццю, а не за кошт выкарыстання рэсурсаў мінулых гадоў. Актывы арганізацый павялічыліся з 313 мільярдаў у 2019 годзе да 694 мільярдаў рублёў у 2025-м. Каэфіцыент забяспечанасці абаротнымі сродкамі летась складаў 26,8 %. Гэты паказчык нават лепшы, чым быў у 2019 годзе, — 18,6 %. Ён адлюстроўвае долю абаротных актываў кампаній, сфарміраваных за кошт уласнага капіталу, а не за кошт прыцягнення крэдытаў, пазыковых рэсурсаў і іншых сродкаў з боку.

З пункту гледжання фінансаў, у цэлым наш бізнес адчувае сябе цалкам упэўнена. У складаным 2011 годзе гэты паказчык нават сышоў у «мінус» — 6,1 %. Гэта значыла, што ў той момант абаротныя сродкі адсутнічалі. Больш за тое, частка неабаротных актываў (машыны, абсталяванне і г. д.) знаходзіліся пад ціскам крэдытаў. У 2016 годзе (таксама не самым удалым для эканомікі) каэфіцыент забяспечанасці абаротнымі сродкамі быў на ўзроўні крыху больш за 10 %. Таму цяперашні паказчык вельмі прыстойны. Несумненна, ёсць яшчэ рэзервы для яго паляпшэння. Але ён знаходзіцца ў прымальнай зоне. Як і ў цэлым фінансавая стабільнасць эканомікі не выклікае вялікай трывогі. Зрэшты, гэта не прычына для самазаспакаення, бо лішняя ўстойлівасць ніколі не перашкодзіць.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю