Top.Mail.Ru

Беларуская эканоміка па дынаміцы росту ўпэўнена ідзе да мэтавых паказчыкаў

На станоўчай хвалі


Валавы ўнутраны прадукт — паказчык інтэграваны, вельмі абстрактны, таму не заўсёды напрамую адчувальны на бытавым узроўні. Тым не менш, менавіта ён адлюстроўвае прадукцыйнасць эканомікі, яе магчымасць генерыраваць матэрыяльныя даброты і паслугі. А кажучы прасцей, ВУП — той пірог, які сілкуе дзяржаву, забяспечваючы жыццёвымі сіламі ўсе патрэбы грамадзян. Пасля пэўнага спаду ў красавіку ВУП нясмела, але нарэшце выйшаў на станоўчую дынаміку. У маі гэты трэнд быў замацаваны: за пяць месяцаў дынаміка валавога ўнутранага прадукту склала 100,9 працэнта, павысіўшыся ў параўнанні з вынікамі студзеня-красавіка на 0,7 працэнтнага пункта. Гэта сведчыць аб тым, што выхад на пазітыўны трэк беларускай эканомікі не выпадковасць, а ўпэўненая тэндэнцыя.

Выбрацца з перыяду запаволення ўдалося вясной, перш за ўсё дзякуючы сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Аграрны сектар упэўнена нарошчвае вытворчасць. За пяць месяцаў яна павялічылася на 4,3 працэнта. Прычым у маі ў параўнанні з красавіком рост склаў 18,3 працэнта. Прамысловая вытворчасць знізілася на 1,4 працэнта. Але індустрыяльны сектар упэўнена «перамагае» дастаткова глыбокае прасяданне летась. І хоць па выніках пяці месяцаў ён застаецца ў адмоўнай зоне, але паказчык павысіўся на 0,9 працэнтнага пункта. Яшчэ трэба будзе прыкласці шмат намаганняў для выхаду на мэтавыя паказчыкі. Аднак рух уверх адбываецца ва ўстойлівым рэжыме. Прычым не толькі колькасна, але і якасна.

Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці ў красавіку склала 9,9 працэнта (за студзень — красавік — 9 працэнтаў). Прыбытак жа па эканоміцы за 4 першыя месяцы прадэманстраваў дынаміку 109,3 працэнта. Прычым непасрэдна ў красавіку 2026-га ў параўнанні з красавіком 2025-га ён павялічыўся на 50,6 працэнта. Усяго ж беларускія суб’екты гаспадарання за красавік зарабілі больш за 3 мільярды долараў. Працягвае нарошчваць абароты і турыстычная галіна. Валодаючы вялікім мультыплікатыўным эфектам, яна пазітыўна адбілася на іншых сферах дзейнасці. У прыватнасці, за 4 месяцы пасажыраабарот вырас на 7,8 працэнта.

Добрыя фінансава-эканамічныя вынікі стварылі падмурак для актывізацыі інвестыцыйнага цыкла. Прыярытэтныя кірункі ўкладання капіталу былі вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года, зацверджанай Усебеларускім народным сходам у снежні мінулага года. Але шэраг дзяржаўных праграм і канкрэтных мерапрыемстваў у развіццё ПСЭР-2030 праходзілі адпаведныя працэдуры ўзгаднення яшчэ ў пачатку года. Практычна ўсе сістэмныя дакументы зацверджаны, і эканоміка ўвайшла ў актыўны перыяд рэалізацыі праектаў і мерапрыемстваў, прапісаных у пяцігадовых планах. Таму калі ў пачатку года (у тым ліку і з прычыны дзіўнага надвор’я зімой) інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся, то па выніках пяці месяцаў дынаміка гэтага паказчыка склала 101,5 працэнта. Прычым у маі, у параўнанні з красавіком, укладанні ў асноўны капітал выраслі на 15,1 працэнта. Значыць, ёсць перадумовы для павышэння эфектыўнасці працы і павелічэння яе прадукцыйнасці. Пакуль гэты паказчык знаходзіцца не на самым здавальняючым узроўні.

Абстракцыя ВУП і яго рост адбіваецца на цалкам адчувальным павышэнні рэальнай заработнай платы (з улікам інфляцыі) на 7 працэнтаў па выніках пяці месяцаў. Рост жа рэальных даходаў насельніцтва склаў 8 працэнтаў. Павышэнне дабрабыту дабратворна адбілася на дынаміцы рознічнага тавараабароту — 107,1 працэнта і галіны грамадскага харчавання — 100,5 працэнта (у пачатку года гэты паказчык не дацягваў да ста працэнтаў).

У цэлым беларуская эканоміка адчувае сябе дастаткова ўпэўнена. Але аб’ектыўна мы ўшчыльную падышлі да мяжы нарошчвання заработнай платы. Яе доля ў ВУП ужо складае 45-47 працэнтаў. Гэта супастаўна ці нават нашмат вышэй, чым у многіх паспяховых дзяржавах. У тым ліку, і з-за сацыяльнай накіраванасці краіны. Безумоўна, адбіваецца і пэўны дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Але дзейнічае і прынцып — эканоміка найперш працуе на людзей. Таму ўзровень карпаратыўных прыбыткаў у адносінах да ВУП у нас у два разы ніжэйшы, чым у Еўропе і ЗША, і ў 3-4 разы ніжэйшы, чым у дзяржавах ЕАЭС. Інакш кажучы, асноўная дабаўленая вартасць, згенерыраваная кампаніямі, ідзе работнікам, а не ўладальнікам бізнесу. Аднак высокія прыбыткі ствараюць не толькі мільянераў і алігархаў (якія нам не патрэбныя), але і фінансавую базу для актыўнага ўкладання ў асноўны капітал (а інвестыцыі нам вельмі неабходныя). І хоць яны паказалі ў маі станоўчую дынаміку, але яшчэ недастаткова высокія для паскоранага развіцця эканомікі. Новыя тэхналогіі і абсталяванне павялічваюць прадукцыйнасць працы, павышаюць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, яе продажы. Расце ВУП, адпаведна, і заработная плата. Эканоміка, акрамя ўсяго іншага, гэта навука аб узаемасувязях розных сфер дзейнасці. Адзін з выхадаў, над якім сёння актыўна працуюць і Нацыянальны банк, і ўрад, — фарміраванне спектра інструментаў зберажэння. У тым ліку робяцца захады па ажыўленні рынку каштоўных папер. Па даных апытання хатніх гаспадарак Нацыянальным статыстычным камітэтам, каля 16-17 працэнтаў свайго даходу грамадзяне накіроўваюць на зберажэнні. І вельмі важна іх прыцягнуць у інвестыцыі. Тады супярэчнасць паміж ростам зарплаты і неабходнасцю актывізацыі інвесціравання знівеліруецца. Народная эканоміка прадугледжвае не толькі спажыванне, але і інвестыцыі ў развіццё.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю