Конкурс фота праходзіць падчас Сусветнай выставы фатаграфіі, якая існуе з 1996 года. Сёлета на конкурс было пададзена больш за 6 млн фотаработ са 170 краін. У фінал выйшлі 100 работ удзельнікаў з 24 краін свету.
Упершыню ў гісторыі конкурсу работа ўдзельніка з Беларусі трапіла ў сотню фіналістаў. Аўтар здымка «Заслона не апушчаная» Аляксандр Гергерт прадстаўляе Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна. Фотапраект Аляксандра прысвечаны Году беларускай жанчыны і быў прадстаўлены на рэспубліканскай выставе «Жанчына. Эпоха. Гераіня».

У цэнтры гісторыі — 86-гадовая мадэль, чый вобраз раскрывае прыгажосць, годнасць і ўнутраную сілу жанчыны ў сталым узросце.
«Для мяне вялікі гонар стаць часткай конкурсу, які сёлета святкуе сваё 30-годдзе. Выказваю вялікую ўдзячнасць членам журы за высокую ацэнку маёй творчасці, арганізатарам конкурсу і ўсёй камандзе за падтрымку і суправаджэнне на ўсіх этапах. „Млыну моды“ асаблівы дзякуй за прадастаўленыя магчымасці і шанц заявіць пра сябе на сусветнай арэне», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ўдзельнік конкурсу.