Беларуская фігурыстка Вікторыя Сафонава атрымала запрашэнне ад Міжнароднага саюза канькабежцаў на этап Гран-пры Skate Canada International. Турнір пройдзе з 30 кастрычніка па 1 лістапада ў Келоўне, піша sb.by.
Дзякуючы паспяховым выступленням на этапах серыі «Чэленджэр» у пачатку сезона Сафонава набрала дастаткова балаў, каб заняць высокае месца ў спісе запасных і апярэдзіць многіх саперніц. Вышэй за Вікторыю ў спісе былі толькі расіянкі Аляксандра Ігнатава (Трусава), Адэлія Петрасян і Аліна Гарбачова. Пасля таго як фінская фігурыстка Іда Кархунен знялася з канадскага этапу, вызвалілася месца ў заяўцы. Пры гэтым Ігнатава ўжо атрымала абодва магчымыя запрашэнні на этапы: яна выступіць у Кітаі і ЗША. Петрасян і Гарбачова адмовіліся ад запрашэнняў. У выніку запрашэнне на прэстыжнае спаборніцтва атрымала 23-гадовая прадстаўніца Беларусі.
У Беларускім саюзе канькабежцаў адзначылі, што цяпер вырашаецца пытанне аб тэрміновым афармленні візы, неабходнай для ўдзелу ў спаборніцтвах. У выпадку станоўчага рашэння наша фігурыстка ўпершыню за амаль пяць гадоў выступіць на этапе Гран-пры ISU. Апошні раз Сафонава спаборнічала на адным са стартаў серыі ў лістападзе 2021 года — на Rostelecom Cup у Сочы, дзе заняла сёмае месца.