Top.Mail.Ru

Беларуская хакейная школа паказвае высокі клас

Нашы ў НХЛ

Кажуць, што лыжы трэба рыхтаваць летам. Да канькоў і клюшак гэта адносіцца таксама. Пакуль хакейныя аматары сумуюць па турнірах, клубы збіраюць гульцоў, якія з пачаткам сезона будуць радаваць аматараў на матчах. І сачыць за гэтым не менш цікава, чым за гульнямі. Асабліва калі нашых хакеістаў абіраюць на драфце клубы Нацыянальнай хакейнай лігі.

Варатара Яўгена Прохарава на драфце НХЛ у Лос-Анджэлесе ў сёмым раўндзе пад агульным 199-м нумарам абрала каманда «Бафала». Яўген — першы прадстаўнік лідскай хакейнай школы і першы хакеіст «Дынама-Шынніка», абраны на драфце НХЛ. Дарэчы, раней «Бафала» беларусаў не драфтаваў.

Галкіперам Арсеніем Радзьковым у трэцім раўндзе зацікавіўся «Манрэаль». Яго задрафтавалі пад агульным 82-м нумарам. Радзькоў — чацвёрты беларускі галкіпер, калі-небудзь абраны на драфтах. «Адразу пасля драфту адчуў цэлы спектр эмоцый. Спачатку было вялікае здзіўленне — шчыра, не чакаў, што мяне выберуць так рана. Думаў, што пайду пазней. Але тым каштоўней гэты момант», — падзяліўся Арсеній.

На нападаючага Ягора Борыкава ў чацвёртым раўндзе звярнула ўвагу «Юта». Яго задрафтавалі пад 110-м нумарам. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў адзначыў, што ў свой час у Ягора былі варыянты ў юніёрскіх лігах Паўночнай Амерыкі, але ён застаўся дома і працягнуў расці пад пільнай увагай нашых трэнераў у сістэме мінскага «Дынама». У мінулым сезоне спартсмен разам з «зубрамі» прайшоў школу плэй-оф Кубка Гагарына. «Ягор наглядна паказаў, як можна дарасці да такога высокага ўзроўню ў Беларусі. Думаю, прыклад Ягора Борыкава, Вадзіма Мароза і іншых хлопцаў, якія драфтаваліся, будучы гульцамі мінскага „Дынама“, яшчэ раз пакажа падрастаючаму пакаленню хакеістаў, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця. Бо, урэшце, мы як ніхто іншы зацікаўленыя ў тым, каб нашы беларускія хакеісты вырасталі ў гульцоў топ-узроўню», — падкрэсліў Дзмітрый Баскаў у інтэрв’ю прэс-службе ФХБ.

Для беларускага хакея вынікі драфту НХЛ — прызнанне заслуг у падрыхтоўцы рэзерву і выхаванні класных хакеістаў. «Сёлета клубы НХЛ выбралі найбольшую колькасць варатароў за ўсю гісторыю драфту. Беларуская варатарская школа пачынае прыцягваць да сябе ўсё больш увагі з боку клубаў наймацнейшай лігі свету, — адзначыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч. — Я ўпэўнены, што і надалей наша моладзь падорыць прыемную магчымасць павіншаваць іх з новымі выбарамі на драфце НХЛ».

Фота Федэрацыі хакея Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю