Першыя гледачы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў новым сезоне прыйдуць яшчэ да афіцыйнага яго адкрыцця, якое адбудзецца 1 верасня — традыцыйна спектаклем «Паўлінка». Але ўжо 30-га жніўня адбудзецца фінал адмысловага праекта «Купала. Лабараторыя», які сёлета тэатр арганізаваў упершыню. Яго вынікам стануць эскізы спектакляў, якія ствараюцца цягам гэтага тыдня з удзелам запрошаных з Расіі рэжысёраў, якія працуюць з беларускай нацыянальнай драматургіяй.
Далей на аснове эскізаў можа будзе ўвасобіць на сцэне паўнавартасны спектакль, а калі ўсе працы акажуцца цікавымі гледачам, то нават і больш, як паабяцаў генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Аляксандр Шастакоў: «Гэта новы подых, які дазволіць артыстам па-іншаму паглядзець на вядомы матэрыял. У кожнага з рэжысёраў за плячыма вялікі досвед». Але і асабістая матывацыя.

Напрыклад, Марыя Раманава мае досвед удзелу ў рэжысёрскіх лабараторыях у сваёй краіне. Але Беларусь яе вельмі прыцягвае не толькі з-за магчымасці прафесійнага развіцця, а і з асабістых прычын: яна прыехала на радзіму сваёй бабулі, якая была родам з Рагачова, але яшчэ дзяўчынкай апынулася ў Расіі, пасля таго як іх сям’ю раскулачылі і выслалі. Памяць пра радзіму бабуля перадала сваім нашчадкам. Марыя Раманава ўзяла з сабой фота вялікай сям’і, якое, напэўна, натхняе яе на няпростую працу. Рэжысёр з Санкт-Пецярбурга выбрала для пастаноўкі драму Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», якая яе зачапіла:
— Гэта цяжкі, але вельмі паэтычны твор, і для мяне галоўнае — знайсці сцэнічны эквівалент трагічнасці, каб перавесці яе на больш духоўны ўзровень, бо тут ёсць магчымасць узняць пытанне пра прыняцце свайго лёсу. Але глабальна п’еса падштурхоўвае да разваг пра растанне сучаснага чалавека з зямлёй і прыродай.
А «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага — хіба меней падстаў для разваг прапануе нашым сучаснікам? Рэжысёр Андрэй Шляпін (яго настаўнікам быў Дзмітрый Крымаў) звярнуў увагу на тое, што твор Матукоўскага актуальны таму, што перад кожным паўстае пытанне: «А які я чалавек насамрэч?».

— Трэба перыядычна пытацца ў сябе пра гэта, таму што мы ўсе знаходзімся ў чалавечай прасторы, у соцыуме, — лічыць рэжысёр, які меў дагэтуль досвед пастановак у нацыянальных тэатрах, таму разумее, наколькі важна не ламаць мелодыку маўлення, бо ў кожнага народа яна адметная, і гэта важна ўлічваць пры рабоце з літаратурным тэкстам.
Усе развагі і думкі запрошаных рэжысёраў павінны ўвасобіць беларускія артысты. Гэта карысны досвед супрацы і для рэжысёраў, і для трупы тэатра, адзначыў куратар праекта Аляксандр Віслаў. Пры тым, што фармат лабараторыі не патрабуе дакладнага вывучэння тэксту напамяць, усе адзначаюць вялікую адказнасць акцёраў, якія імкнуцца выканаць рэжысёрскія задачы найбольш дакладна. Тым больш, што 30 жніўня гледачам прапануюць не толькі паглядзець эскізы, але і пасля ўзяць удзел у іх абмеркаванні, тым самым паўплываць на рэпертуарную палітыку тэатра.
Ларыса ЦІМОШЫК