Top.Mail.Ru

Беларуская лёгкая прамысловасць працягвае ўпэўнена нарошчваць абароты

Лёгкая на пад’ем


У другую нядзелю чэрвеня ў работнікаў лёгкай прамысловасці — прафесійнае свята. І, здаецца, у іх ёсць усе падставы адзначыць яго ў добрым настроі. Аб тым, як галіна асвойвае замежныя рынкі, абнаўляе вытворчасць і клапоціцца аб бяспецы і здароўі грамадзян, даведалася карэспандэнт газеты «Звязда».


Геаграфія паставак шырыцца

Да сферы лёгкай прамысловасці нашай краіны адносяцца звыш 2,1 тысячы прадпрыемстваў і арганізацый. 68 з іх, дзе працуюць звыш 28 тысяч чалавек, уваходзяць у канцэрн «Беллегпрам». Яго прадукцыя пастаўляецца сёння ў больш як 60 краін, а тэмпы экспарту ў першым квартале дасягнулі 150 %.

Як расказала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея ЛАЗАРЭВІЧ, ключавымі пазіцыямі экспарту застаюцца лён, гарбарныя вырабы, панчошна-шкарпэткавая і гарсэтная прадукцыя, скургалантарэя. Безумоўным драйверам для айчыннага легпрама была і застаецца Расійская Федэрацыя.


— На расійскі напрамак сёння прыпадае 91 % усіх нашых паставак, — адзначае Надзея Лазарэвіч. — Цяпер у прапрацоўцы знаходзіцца буйны праект з Міністэрствам прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі па пастаўцы тканіны-падкладкі для школьнай формы. Там таксама вельмі ўважліва адносяцца да таго, у чым ходзяць дзеці. Гэта пытанне і здароўя, і эканомікі, у тым ліку на перспектыву — калі будуць здаровыя дзеці, будзе здаровая нацыя.

Зрэшты геаграфія экспарту Беллегпрама не абмяжоўваецца Расіяй. Прапрацоўваецца супрацоўніцтва з Узбекістанам і Манголіяй, каб ствараць якасныя тканіны, займаць новыя нішы на рынку. У распрацоўцы знаходзяцца афрыканскі напрамак і сумесны праект з М’янмай.


Мадэрнізацыя ідзе поўным ходам

Перспектыў шмат, і перад беларускай лёгкай прамысловасцю стаіць задача іх пашыраць і ўзмацняць, падкрэслівае старшыня канцэрна «Беллегпрам»:

— Нашы прадпрыемствы накіраваны толькі на станоўчы вынік, актыўна працуюць на дасягненне добрых фінансавых паказчыкаў. Але галіна ўсё ж патрабуе асаблівай увагі, мадэрнізацыі і паляпшэння тэхналагічнага патэнцыялу, каб быць больш канкурэнтаздольнай. Чым мы зараз і займаемся. Па стане на 2026 год у нас сфарміравана інавацыйная праграма, фінансавы складнік якой перавышае 129 млн рублёў. За першы квартал мы ўжо бачым вынік — каля 20 млн рублёў.

Па словах Надзеі Лазарэвіч, безумоўным лідэрам і лакаматывам працэсаў мадэрнізацыі ў канцэрне сёння выступае Аршанскі льнокамбінат. Менавіта на ім сёлета завяршаецца рэалізацыя маштабнага інавацыйнага праекта: да 1 лістапада 2026 года беларусы ўбачаць поўнасцю абноўленую фабрыку № 1 гэтага прадпрыемства.


Актыўная мадэрнізацыя і ўкараненне інавацый ідуць таксама на ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне». У 2026-м завяршаецца інавацыйны праект і на «Гранітэксе», працягваюцца работы на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы. І не толькі.

— У праграму ўвайшлі два новыя інавацыйныя праекты на прадпрыемстве «Палессе», якія будуць рэалізаваныя ў 2027–2030 гадах. У прапрацоўцы пытанне па мадэрнізацыі і закупцы новага абсталявання на прадпрыемстве «Магатэкс». І многія іншыя прадпрыемствы ў той ці іншай меры займаюцца мадэрнізацыяй і закупкай абсталявання, — канстатавала Надзея Лазарэвіч.

Па лепшых стандартах

А яшчэ для таго, каб падтрымліваць вядомую ва ўсім свеце якасць беларускіх тавараў, увесь час не толькі распрацоўваюцца новыя дзяржаўныя стандарты, але і карэкціруюцца, удакладняюцца ўжо існуючыя.

Напрыклад, прапановы па ўнясенні змяненняў у дзяржаўны стандарт на адзенне для навучэнцаў кіраўнікі і спецыялісты Беллегпрама і Дзяржстандарта абмяркоўвалі яшчэ ў сярэдзіне мая. Як і пытанне стварэння рэестра вытворцаў адзення для школьнікаў і крытэрыяў уключэння ў яго. Чакаецца, што рэестр будзе размешчаны на партале «Якасць. бел», рэсурсах Дзяржстандарта і канцэрна «Беллегпрам». У яго ўвойдуць айчынныя вытворцы, якія вырабляюць школьную форму для беларускіх навучэнцаў па ДАСТах. Рэсурс абяцае быць карысны не толькі спецыялістам галіны, але і бацькам: дзеці праводзяць у школе большую частку свайго жыцця, а таму вельмі важна, каб яны насілі форму высокай якасці — гіпаалергенную, камфортную і якая не скоўвае рухі.


Акрамя таго гэта яшчэ і цудоўная магчымасць для айчынных вытворцаў тканіны заняць дастойнае месца ў выпуску такіх вырабаў.

Думаю, у чэрвені мы ўжо ўбачым абноўлены стандарт з апісаннем, наколькі якасная прадукцыя павінна быць пашыта для нашых школьнікаў. Рэестр таксама будзе сфарміраваны і да школьнага сезона будзе апублікаваны на партале, — удакладніла старшыня канцэрна «Беллегпрам».

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю