Беларуская ўніверсальная таварная біржа зарэгістравала першыя здзелкі па продажы сметанковага масла і сухога абястлушчанага малака ў Інданезію, паведамілі БелТА ў прэс-службе БУТБ.
Аб’ём кантрактаў склаў 25 т і 350 т адпаведна на агульную суму $1,1 млн. Пакупніком па абедзвюх здзелках выступіў буйны імпарцёр і дыстрыб’ютар прадукцыі харчовай прамысловасці з Джакарты, а прадаўцамі — малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы з Мінскай і Гродзенскай абласцей. Паводле інфармацыі БУТБ, раней здзелак паміж беларускімі і інданезійскімі кампаніямі на біржы не заключалася.
На сёння сметанковае масла і сухое малако ўваходзяць у лік самых ліквідных экспартных пазіцый на біржавой пляцоўцы. У прыватнасці, сметанковае масла ў студзені — маі 2026 года набывалі рэзідэнты 16 краін, пры гэтым пул рэгулярных пакупнікоў пашырыўся з 76 кампаній у мінулым годзе да 133 у бягучым. Найбольшыя аб’ёмы былі рэалізаваны ўдзельнікам таргоў з Расіі, ААЭ, Казахстана, Грузіі і Германіі. Здзелкі па куплі сухога малака ў студзені — маі 2026 года ажыццяўлялі рэзідэнты 25 краін, а ў топ-5 пакупнікоў увайшлі Расія, ААЭ, Польшча, Германія і Сінгапур. На рэгулярнай аснове закупкі гэтай прадукцыі ажыццяўлялі 208 кампаній, што на 57 больш, чым у студзені — маі 2025 года.
«Што датычыцца Інданезіі, то штогод гэта краіна імпартуе сметанковае масла і сухое малако на агульную суму каля $600 млн, таму для беларускіх вытворцаў гэта, безумоўна, перспектыўны рынак збыту. Цяпер на біржы акрэдытаваны толькі дзве інданезійскія кампаніі, але, улічваючы рост інтарэсу да беларускіх малакапрадуктаў з боку бізнесу з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, у далейшым гэтаму рэгіёну будзе ўдзяляцца больш пільная ўвага», — пракаменціравалі ў прэс-службе БУТБ.
Па выніках пяці месяцаў 2026 года праз біржавую платформу ў краіны блізкага і далёкага замежжа было рэалізавана 28 тыс. т сметанковага масла на $182 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года пастаўкі павялічыліся ў 2,5 раза ў натуральным выражэнні і ў 1,9 раза ў вартасным. Біржавыя продажы сухога малака на экспарт за пяць месяцаў 2026 года дасягнулі 98 тыс. т на суму больш як $285 млн. Тэмп росту да студзеня — мая 2025 года склаў 174 працэнты і 180 працэнтаў адпаведна.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.