Прыярытэт — умацаванне адзінства і ўзаемнай падтрымкі
«Пакуль мы разам — мы нязломныя»
Напярэдадні пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, які ўзначаліў парламенцкую дэлегацыю, узяў удзел у цырымоніі ўскладання кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ кветак да Вечнага агню каля манумента Перамогі ў сталіцы Кыргызстана. Тэма перамогі над фашызмам знайшла працяг на пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Падчас свайго выступлення Ігар Сергяенка сказаў: «Нядаўна мы шырока і ўрачыста адсвяткавалі найважнейшую падзею ў нашай гісторыі — 80-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта святы для ўсіх нас дзень. Аддаць даніну гістарычнаму подзвігу шматнацыянальнага савецкага народа — наш абавязак. Вялікая перамога даказала бясспрэчную ісціну: пакуль мы разам — мы нязломныя. Сімвалічна, што ў Маскве 9 мая на Краснай плошчы ваенны парад прымалі прэзідэнты нашых краін, а ў парадным страі плячо ў плячо прайшлі вайскоўцы Узброеных Сіл нашых дзяржаў».
Спікер заўважыў, што і ў Мінску ў гэты дзень таксама адбыўся ваенны парад, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана.
«Удзел парадных разлікаў Узброеных Сіл дзяржаў — членаў АДКБ у Парадзе Перамогі сімвалізуе адзінства арганізацыі», — адзначыў ён.
— Мы былі разам тады. Мы разам сёння. І павінны зрабіць усё, каб не дапусціць новай сусветнай бойні, якая можа быць канцом гісторыі, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка
ў сваім выступленні перад удзельнікамі парада ў Мінску.
«Сёння мы ўсклалі вянкі да Вечнага агню на кыргызскай зямлі і чарговы раз адчулі пачуццё бязмежнай павагі да сапраўдных сыноў сваёй Айчыны, якія праявілі найвялікшыя сілу духу, гераізм і стойкасць і здолелі неверагоднымі намаганнямі пераламаць ход сусветнай гісторыі».
Небывалы рост напружанасці
Гаворачы аб сучасных выкліках і пагрозах, Старшыня Палаты прадстаўнікоў заявіў, што АДКБ павінна адаптавацца да існуючых умоў развіцця міжнароднай абстаноўкі.
«Мы сталі сведкамі і ўдзельнікамі новага жорсткага перадзелу свету. Трэба прызнаць, што крызіс міжнародных адносін і трансфармацыя сусветнага геапалітычнага ландшафту суправаджаюцца небывалым нарастаннем напружанасці, далейшай дэградацыяй існуючай сістэмы бяспекі, — сказаў Ігар Сергяенка. — У гэтых умовах АДКБ павінна адаптавацца да сучасных умоў развіцця міжнароднага становішча. Толькі так мы зможам забяспечыць своечасовае і максімальна эфектыўнае рэагаванне на зменлівыя выклікі і пагрозы бяспекі».
Ён падкрэсліў, што сёння павінна быць дакладнае бачанне далейшых мэт і задач дзейнасці арганізацыі. Асобна Ігар Сергяенка адзначыў ролю яе парламенцкага складніка.
Таксама ён звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на актуальнасць актывізацыі дыялогу аб новай Еўразійскай архітэктуры бяспекі.
«З гэтай мэтай у рамках праведзеных у Мінску ў 2023 і 2024 гадах дзвюх міжнародных канферэнцый Беларусь запусціла працэс абмеркавання дадзенай ініцыятывы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выступіў за стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва, за аб’яднанне краін не супраць каго-небудзь, а ў імя агульнай мэты, каб пазбегнуць фатальнага цывілізацыйнага разлому», — сказаў Ігар Сергяенка.
Заканадаўчы аспект
На думку спікера, парламентарыі павінны максімальна эфектыўна забяспечыць рэалізацыю задач па ўмацаванні бяспекі, якія вырашаюцца АДКБ. У прыватнасці ён зазначыў: заканадаўчае забеспячэнне рашэнняў, што прымаюцца, — гэта найважнейшы кірунак работы Асамблеі. І менавіта парламентарыі могуць — і павінны — максімальна эфектыўна забяспечыць рэалізацыю задач па ўмацаванні бяспекі, якія вырашаюцца АДКБ.
Адзначыў Ігар Сергяенка і тое, што ў парадак дня асобным пунктам уключана абмеркаванне Праграмы дзейнасці Асамблеі па збліжэнні і гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства дзяржаў — членаў АДКБ на 2026–2030 гады.
«На наш погляд, у ёй, праграме, знайшоў адлюстраванне ўвесь спектр праблем, звязаных з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі, — барацьба з тэрарызмам, пытанні ваеннай і інфармацыйнай бяспекі, электаральнага суверэнітэту, захавання гістарычнай памяці, міратворчая дзейнасць, барацьба з нелегальнай міграцыяй», — падкрэсліў ён.
Таксама Старшыня Палаты прадстаўнікоў падзякаваў кіраўнікам нацыянальных парламентаў за фарміраванне групы міжнароднага назірання ад Парламенцкай асамблеі АДКБ для маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі.
Па заканчэнні пасяджэння Ігар Сергяенка ўзяў удзел у сустрэчы Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Садыра Жапарава з кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ. Падчас мерапрыемства размова ішла аб рэгіянальнай бяспецы, умацаванні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і далейшым развіцці супрацоўніцтва ў рамках АДКБ.
Паводле БелТА