Алесю Кузняцову добра ведаюць нашы чытачы. Цыклу яе раманаў старт быў пакладзены ў Выдавецкім доме «Звязда». За адну з кніг маладая пісьменніца стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ў намінацыі «Дэбют».
Толькі што Алеся Кузняцова правяла сустрэчу з чытачамі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Верашчагіна ў Чарапаўцы, на Валагодчыне. Беларуская пісьменніца вельмі падрабязна расказала пра тое, як да яе прыходзяць сюжэты раманаў, у чым заключаецца іх повязь з яе працай музычнага прадзюсара, што дала ёй у станаўленні па жыцці прафесія журналіста і вопыт практычнай работы ў медыя.
Несумненна, у Чарапаўцы, Волагдзе, у розных куточках гэтага расійскага рэгіёна з’явяцца прыхільнікі творчасці Алесі Кузняцовай, бо пісьменніца перадала даволі шмат сваіх новых кніг бібліятэкам Валагодчыны.
Раней Алеся Кузняцова правяла сустрэчу з чытачамі ў Маскве. Дыялогу з аўтарам жаночых раманаў заўсёды рады і ў розных населеных пунктах Беларусі. Пісьменніца ніколі не адмаўляецца ад запрашэнняў і лічыць, што жывыя сустрэчы з чытачом дадаюць ёй шмат новых адкрыццяў.
Мікола БЕРЛЕЖ