Top.Mail.Ru

Беларуская прыгажуня Алія Кароткая гатова да заваявання сусветнага подыума

Ва ўсёй красе

Зусім хутка прадстаўніца нашай краіны паляціць у Пуэрта-Рыка, дзе з 8 па 24 лістапада пройдзе 75-ы міжнародны конкурс прыгажосці «Міс Сусвет». Дарэчы, Алія не нейкая таямнічая Папялушка. Адпаведны вопыт у гэтай сферы яна ўжо мае, нават сур’ёзны тытул — «Першая віцэ-міс Беларусь — 2025». Аднак і задача стаіць нялёгкая — яе саперніцамі стануць больш за 140 прыгажунь з усяго свету, і ў кожнай — свая сакрэтная «зброя». Напярэдадні ў Нацыянальнай школе прыгажосці Алія прадэманстравала вячэрні і нацыянальны строі, у якіх паўстане ў святле сафітаў за акіянам.

Нацыянальныя сімвалы ў сучасным прачытанні

Да міжнароднага конкурсу Алію рыхтавалі некалькі месяцаў: майстар-класы па цырульніцкім майстэрстве, візажы, стылі і этыкеце, заняткі па паглыбленым вывучэнні англійскай мовы. Але павязе беларуска не толькі багаж карысных ведаў — у дзявочыя чамаданы ўмесцяць каля 60 вобразаў! Бо наперадзе яе чакае шчыльная праграма: шматлікія мерапрыемствы, фотасесіі і выхады. І да кожнага патрабуюцца адпаведныя ўбор, макіяж і прычоска. Але галоўных з іх будзе два.

Сапраўднай жамчужынай абяцае стаць сучаснае прачытанне нацыянальнага касцюма, у якім Алія Кароткая паўстане на заакіянскім подыуме. У яго аснове — васілёк, адзін з самых вядомых сімвалаў нашай краіны. Сіне-белую сукенку прыталенага сілуэта дызайнер Дзмітрый ЦІТУШКІН усыпаў аб’ёмнымі кветкамі і ззяючымі пад сафітамі стразамі. Кветкі нібы ажываюць дзякуючы камяням, бісеру і ўкрапінам нацыянальнага арнаменту. У кампазіцыю арганічна ўплялася і рабіна — па задумцы аўтараў, яна ўвасабляе лёс беларускай жанчыны.

— Пры падрыхтоўцы да міжнароднага конкурсу мы найперш вызначаем, якую ідэю хочам данесці да гледача. Важна, каб нацыянальны касцюм не проста выглядаў эфектна, але і адлюстроўваў нашу культуру, — растлумачыла дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна ЯРЭМІЧ. — Гэтым разам мы вырашылі адысці ад звыклага ўяўлення аб традыцыйным уборы і паказаць беларускія сімвалы ў сучасным прачытанні. Разам з дызайнерам абмяркоўвалі дэталі, матэрыялы і канструкцыю касцюма, каб захаваць сувязь з нацыянальнымі матывамі і пры гэтым стварыць выяву, якая будзе добра глядзецца на вялікай сцэне.

Нядзіўна, што на ўвасабленне задумы пайшоў не адзін месяц. Несумненна, увагу гледачоў прыцягне і галаўны ўбор нашай канкурсанткі — васількі і каласы на аб’ёмнай кветкавай канструкцыі нібы абрамляюць галаву і плечы дзяўчыны. Прычым не такія ўжо і далікатныя, як можа здацца на першы погляд, — аказалася, вага ўсяго гэтага ўбору складае па меншай меры 15 кілаграм!

Падкрэсліць індывідуальнасць, паказаць характар

Не менш эфектным будзе і фінальны выхад прадстаўніцы Беларусі — Алія надзене вячэрнюю сукенку, якую яе мама стварыла сваімі рукамі. І падышла да стварэння гэтага вобраза са ўсёй сур’ёзнасцю: разам з дачкой яны перагледзелі мноства фатаграфій і відэазапісаў з міжнародных конкурсаў, параўналі розныя фасоны і спыніліся на тым, які будзе глядзецца максімальна эфектна.

У выніку атрымалася беласнежная сукенка — само ўвасабленне пяшчоты і чысціні сучаснай беларускай жанчыны. Тканіна літаральна ззяе ад тысяч стразаў, паетак і пацерак. Удала дапоўнілі вобраз напаўпразрысты шлейф і баа з белых пёраў.

— Я працую мадэллю 10 гадоў, таму ўпэўнена, што пакажу вобразы ў выгадным святле. Прывыкла да сцэны, здымкаў і цяжкіх касцюмаў, таму на конкурсах атрымліваю выключна задавальненне ад кожнага выхаду, — прызналася Алія.

Як падкрэсліла мастак-стыліст Нацыянальнай школы прыгажосці Юлія ВАРАНЦОВА, работа над кожным вобразам заўсёды пачынаецца з глыбокага аналізу асобы канкурсанткі: да ўвагі бяруцца яе характар, знешнія даныя і моцныя бакі. Цэлая каманда — візажысты, пастаноўшчыкі, стылісты і дызайнеры — працуе над тым, каб максімальна ярка прадэманстраваць свету індывідуальнасць дзяўчыны.

Галоўнае — добрае сэрца

Дарэчы, Алія не хавае: страху і хвалявання перад конкурсам прыгажосці, які стане для яе ўжо шостым, не адчувае. Затое ёсць упэўненасць, што ў яе атрымаецца з годнасцю прадставіць Беларусь на міжнароднай арэне.

— Нядаўна я ездзіла на Тыдзень моды ў Нью-Ёрк, дзе пазнаёмілася з некаторымі канкурсанткамі і пасябравала з імі. Вядома, канкурэнцыя ёсць, бо кожная дзяўчына хоча дастойна прадставіць сваю краіну. Але на конкурсах, у якіх я ўдзельнічала, атмасфера, у асноўным, была сяброўскай, адчувалася падтрымка, — падзялілася ўражаннямі Алія. — Памятаю, як на першым конкурсе вельмі перажывала, нават дрыжалі рукі перад выхадам. Цяпер усё інакш: я прывыкла да сцэны і разумею, як сябе паводзіць.

Хрустальны васілёк у падарунак

У гэтым годзе неад’емнай часткай мерапрыемства ў Пуэрта-Рыка стане дабрачынны складнік — кожнай краіне трэба падрыхтаваць лот, які адлюстроўвае яе культуру. Таму арганізатарам конкурсу «Міс Сусвет» ад Беларусі перададуць асаблівы падарунак — хрустальны васілёк. Усе сродкі, атрыманыя ад яго продажу, пойдуць на дабрачыннасць. Атрымліваецца даволі сімвалічна: якой бы зачаравальнай ні была прыгажосць, за яе бляскам заўсёды павінна стаяць жаданне зрабіць свет крышачку лепшым.

Дарэчы

«Уражанні неверагодныя!»

Не засталася ў цені прадстаўніца Беларусі і на 49-м міжнародным конкурсе прыгажосці «Місіс Сусвету».

Фінальнае шоу прымаў шры-ланкійскі горад Каломба, дзе за перамогу змагаліся больш за 120 удзельніц з розных куткоў планеты. І наша прыгажуня — уладальніца тытула «Лэдзі Беларусь — 2025» і шматдзетная мама Маргарыта МАСКЯЛІЕНЕ — вярнулася дадому ў званні чацвёртай віцэ-міс. Да таго ж беларуска заваявала яшчэ два прэстыжныя тытулы — Mrs Unіverse Beauty і Mrs Unіverse Sport.

— Уражанні неверагодныя! Мы пражылі асобнае маленькае жыццё. Усе дзяўчаты былі прыгожымі, адукаванымі і інтэлігентнымі, — расказала Маргарыта.

А пераможцай конкурсу «Місіс Сусвет — 2026» стала прадстаўніца Манака Ісідора Ранковіч.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Валентына КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю