Беларуская туріндустрыя наладжвае сувязі з В'етнамам. Пра гэта паведамілі БелТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме па выніках вебінара, закліканага ўмацаваць супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі турыстычнай галіны дзвюх краін.
Мерапрыемства было арганізавана для наладжвання і развіцця ўзаемадзеяння паміж турыстычнымі аператарамі Беларусі і В’етнама, а таксама для павелічэння турыстычнага патоку паміж дзвюма краінамі. Вебінар прайшоў пры падтрымцы Генеральнага консульства Беларусі ў Хашыміне.
Падчас вебінара бакі правялі прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу. Кульмінацыяй мерапрыемства сталі B2B-перагаворы, дзе ўдзельнікі абмеркавалі канкрэтныя магчымасці ўзаемадзеяння пры арганізацыі тураў з Беларусі ў В’етнам і ў зваротным напрамку.
Прадстаўнікі в’етнамскай кампаніі Saigontourist Travel Service адзначылі, што разглядаюць арганізацыю тураў у Беларусь як прыярытэтны новы кірунак і выказалі зацікаўленасць у пошуку надзейных беларускіх партнёраў для доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
«Вебінар стаў важным крокам у развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В’етнамам у сферы турызму і адкрыў новыя перспектывы для павелічэння турыстычнага патоку паміж дзвюма краінамі», — адзначылі ў Нацыянальным агенцтве па турызме.