Top.Mail.Ru

«Беларуская вёска можа быць прасторай будучыні...»

Для Ірыяны Шыян, якая жыла ў розных кутках свету, наша краіна стала крыніцай натхнення, спакою і яднання з прыродай.


Ірыяна Шыян ужо сем гадоў жыве на ўлонні прыроды, ва ўтульным вясковым доме. Жанчына, якая нарадзілася і вырасла ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінску, жыла ў многіх краінах — аднак у выніку вярнулася ў Беларусь. Ірыяна пакінула жыццё ў Злучаных Штатах Амерыкі, якія для многіх бачацца зямлёй абетаванай, і пераехала ў беларускую вёску Шэметава Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Жанчына лічыць, што менавіта тут, сярод цудоўных мясцін, можна атрымаць асалоду ад жыцця, тут усё напоўнена чысцінёй, асаблівым хараством, тут адчуваецца сувязь з мінулым. А гэта — найвялікшае багацце для чалавека.

У вёсцы Шэметава Ірыяна набыла стары дом, дзе ўжо даўно ніхто не жыў. А цяпер гэта прыгожая сядзіба з усімі выгодамі, у кожным пакоі якой створана асаблівая хатняя ўтульнасць — усюды папрацавалі рукі майстра.


— Падчас рэстаўрацыі дома маёй галоўнай мэтай было захаваць асаблівасці вясковай хаты. Так, пакоі павінны быць прыгожымі, утульнымі, але тут абавязкова павінны быць печ, лазня. Вельмі хочацца, каб кожны, хто ўвойдзе ў гэты дом, адчуў тую атмасферу, якая панавала ў хатах нашых бабуль і дзядуль, — кажа Ірыяна.

— Часам дарога чалавека ідзе праз увесь свет, каб у нейкі момант ізноў прывесці яго да роднай зямлі. Так адбылося і ў маім жыцці. Я нарадзілася ў Беларусі, і з часам жаданне вярнуцца туды, дзе адчуваецца сапраўдная глыбіня жыцця — да прыроды, цішыні і простых чалавечых каштоўнасцяў, станавілася ўсё мацней. І вось ужо сем гадоў я зноў на Радзіме, — гаворыць Ірыяна. — Я шчаслівая, бто жыву ў Беларусі і крок за крокам аднаўляю вясковыя дамы. Гэта не проста будаўніцтва ці рамонт. Мне хочацца захаваць старую архітэктуру, дэталі і даць гэтым дамам новае жыццё.

Ірыяна кажа пра беларускую вёску з прыемнай цеплынёй:

— Вёска можа быць прасторай будучыні — месцам гармоніі чалавека, прыроды і дома. Першы дом, над якім я працавала тры гады, гэтай вясной ужо гатовы прымаць гасцей. Гэта месца, дзе можна запаволіцца, убачыць неба, пачуць лес, адчуць спакой. Тут няма звыклага гарадскога шуму, сотавай сувязі, адсутнічае інтэрнэт. Менавіта гэтага так часта не хапае ў сучасным свеце — цішыні ўнутры і вакол нас.

— У сацыяльных сетках нярэдка кажуць, што я «злучаю светы», — працягвае Ірыяна. — Магчыма, у гэтым ёсць доля праўды. З аднаго боку — сучасны свет з яго тэхналогіямі, відэа і музыкай, гарадамі, рознымі краінамі, мовамі і культурамі. З другога — ціхая вёска, старыя дамы, зорнае неба, прырода, цішыня і імкненне слухаць душу.


Беларусь для мяне — гэта краіна цішыні, лясоў, творчых людзей, месца глыбокага неба, дзе час адчуваецца інакш, дзе можна запаволіцца, каб пачуць сябе. Тут захоўваюцца і паважаюцца спрадвечныя чалавечыя каштоўнасці. У гэтай краіне можна лёгка адчуць простыя і важныя рэчы: зямлю пад нагамі, працу, клопат пра дом і павагу да прыроды.

Пазнаёміўшыся з Ірыянай Шыян, я не пераставала здзіўляцца, наколькі яна цікавая і шматгранная асоба. Набыўшы спецыяльнасць архітэктурнага фатографа, жанчына дзесяць гадоў працавала ў гэтай галіне ў Амерыцы. Цяпер жа, прыехаўшы ў вёску, яна збірае травы і грыбы, займаецца будаўніцтвам і рэстаўрацыяй вясковых дамоў. Жанчына з радасцю прымае гасцей, здымае відэа пра жыццё ў вёсцы, стварае песні, вырошчвае кветкі і цудоўна малюе.

— Я люблю вышываць, пісаць карціны і ствараць творчыя інтэр’еры, — кажа Ірыяна. — Пра сваё цікавае, напоўненае яркімі буднямі жыццё яна расказвае ў сваім канале ў Telegram.
— Мне хочацца ствараць прастору, дзе людзям становіцца крыху спакайней, святлей і радасней, — кажа Ірыяна. 

— Я лічу, што менавіта ў Беларусі, непаўторнай блакітнавокай краіне з яе ўтульнымі вёсачкамі, самабытнымі дамамі і багатымі традыцыямі, створаны найлепшыя ўмовы для жыцця. Тут кожны зможа ў поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці, праявіць сябе ў абранай прафесіі, любімай справе і стварыць надзейную будучыню для сваіх дзяцей і ўнукаў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота з архіва гераіні матэрыялу

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю