У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры пройдуць міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Белагра-2026», «Белферма», «Белпрадукт», «Прадмаш. Холад. Упак» і «Харчовая індустрыя». Мерапрыемствы традыцыйна збіраюць разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і замежных калег і партнёраў.
Выстаўка «Белагра» праводзіцца з 1990 года і з’яўляецца буйнейшай дэманстрацыйнай пляцоўкай дасягненняў аграпрамысловага комплексу — сучасных тэхналогій у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, рыбаводстве, перапрацоўчай і харчовай прамысловасці, найноўшай сельскагаспадарчай тэхнікі, апошніх распрацовак вучоных.
Экспазіцыя выстаўкі «Белферма» прэзентуе апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі: кармушкі для жывёл і абсталяванне для іх утрымання, клетачнае абсталяванне і інкубатары, аўтаматызаваныя ўстаноўкі для малочнатаварных ферм. На выстаўцы таксама будуць прадстаўлены аўтаматызаваныя сістэмы кіравання статкам, даільнымі ўстаноўкамі розных мадыфікацый, кармы і кармавыя дабаўкі, ветпрэпараты і медыкаменты, тэхналогіі ў біяэнергетыцы і інш.
Штогод вялікую цікавасць выклікае наведванне «Рыбацкай вёскі», арганізаванай ДА «Белводгас». Асобную экспазіцыю на адкрытай пляцоўцы сфарміравалі вытворцы агародніннай прадукцыі.
Выстаўка «Белпрадукт» у гэтым годзе аб’ядноўвае 116 прадпрыемстваў. Буйнейшыя беларускія вытворцы прадстаўляюць шырокі спектр прадуктаў харчавання: каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, птушку, малочную прадукцыю, кансерваваныя прадукты, бакалею, дзіцячае і дыетычнае харчаванне, хлебабулачныя вырабы і многае іншае.
Праграма Беларускага аграпрамысловага тыдня насычана семінарамі, В2В-сустрэчамі, практычнымі дэманстрацыямі, прэзентацыямі, майстар-класамі і конкурсамі. Пройдзе другі год запар форум «АграШАС», дзе па традыцыі галоўная тэма — развіццё сельскай гаспадаркі ў маштабах краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Важнай падзеяй дзелавой праграмы стане міжнародны форум электроннай камерцыі і рытэйлу «Дні рытэйлу ў Мінску». Мерапрыемства аб’яднае прадстаўнікоў традыцыйнага гандлю, гандлёвых сетак і маркетплэйсаў, дыстрыб’ютараў, вытворцаў і галіновых экспертаў з Беларусі, Расіі і іншых краін СНД.
У дні выстаўкі пройдуць дэгустацыйны конкурс «Чэмпіён смаку», конкурс «Лепшы племянны конь», конкурс «Лепшы араты», выстаўка сельскагаспадарчых жывёл, дэманстрацыйныя паказы тэхнікі і іншыя мерапрыемствы.
Не застанецца без увагі наведвальнікаў «Гандлёвы гарадок» з кірмашом-продажам прадуктаў харчавання. Госці змогуць набыць лепшыя прадукты, якія выпускаюцца айчыннымі прадпрыемствамі харчовай прамысловасці. На сцэне выступяць творчыя калектывы.
Беларускі аграпрамысловы тыдзень завершыцца 6 чэрвеня. Для забеспячэння транспартнага абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей арганізаваны часовыя аўтобусныя маршруты нумар 912Э «ст.м.„Акадэмія Навук“ — Міжнародны выставачны цэнтр» і нумар 962Э «ст.м.„Пушкінская“ — Міжнародны выставачны цэнтр».
Усяго на «Белагра-2026» пададзена каля 600 заявак з 12 краін. Як чакаецца, выстаўку наведаюць больш за 40 замежных дэлегацый.