На гэты раз у час спаборніцтваў этапу Кубка свету па сілавых відах у Мінску, прысвечанага Дню Перамогі, Вячаслаў Харанека дасягнуў поспеху ў рускім жыме. Са становішча лежачы ён 24 разы падняў штангу вагой 75 кг, устанавіўшы афіцыйны сусветны рэкорд. Гэта на два разы больш за ранейшы рэкорд, устаноўлены ў 2022 годзе расійскім спартсменам Аляксандрам Гаршыным. «У рускім жыме гэта маё першае дасягненне, а ўсяго ў розных сілавых дысцыплінах ужо набралася 190 сусветных рэкордаў. І не збіраюся на гэтым спыняцца», — сказаў рэкардсмен, якому ў чэрвені споўніцца 65 гадоў.
Усяго ў мінулым этапе Кубка планеты прынялі ўдзел больш як 600 атлетаў з Беларусі, Казахстана, Кітая, Азербайджана, Расіі, Ізраіля і Афганістана. Было ўстаноўлена больш за дзясятак сусветных і нацыянальных рэкордаў. Паводле слоў арганізатараў, цяпер адзін з кубкавых этапаў будзе праходзіць у Беларусі штогод.