Ініцыятывы Беларусі на міжнародных пляцоўках носяць аб’яднаўчы характар і накіраваны на дыялог, адзначыў намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сякрэта на мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня мірнага суіснавання, якое адбылося 28 студзеня ў Доме дружбы, паведамляе БелТА.
Ігар Сякрэта звярнуў увагу, што нягледзячы на заснаванне Міжнароднага дня мірнага суіснавання менш за год таму, сам прынцып мірнага суіснавання ў адносінах паміж дзяржавамі з рознымі палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі сістэмамі ўпершыню быў абвешчаны міністрам замежных спраў Савецкага Саюза Георгіем Чычэрыным яшчэ ў 1922 годзе з трыбуны Генуэзскай канферэнцыі.
«Глыбокі крызіс міжнародных адносін, абвастрэнне існуючых канфліктаў і раскручванне спіралі гонкі ўзбраенняў у рэгіянальным і глабальным маштабе вядуць да нарастання міжнароднай напружанасці, з’яўлення новых гарачых кропак, што пагражае захаванню міру ў цэлым. Як паказваюць цяперашнія падзеі, мір — гэта не данасць. Яго неабходна падтрымліваць і спрыяць яго захаванню. Бо без міру няма развіцця, а без развіцця няма міру. Пра гэта Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка казаў яшчэ ў 2005 годзе падчас саміту ААН у Нью-Ёрку», — падкрэсліў Ігар Сякрэта.