Top.Mail.Ru

Беларускі дзіцячы фонд на дабрачынныя праграмы летась сабраў і затраціў рэкордную суму

Летась Беларускі дзіцячы фонд уклаў у рэалізацыю праграм, праектаў і акцый 1 мільён 739 тысяч рублёў. Удалося прыцягнуць больш грашовых сродкаў, чым у папярэднія гады. Усе яны ідуць на такія дабрачынныя праграмы, як «Нашы дзеці», «Дзіцячае сэрца», «Цёплы дом» і іншыя. У мінулым годзе ўсе праекты і акцыі фонду дасягнулі рэкорднага ахопу дзяцей. Ніводная сям’я, якая звярталася па дапамогу ў арганізацыю, без яе не засталася.


Як паведаміла старшыня праўлення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Людміла Кандрашова, толькі ў акцыі «Нашы дзеці» прынялі ўдзел 16 тысяч дзяцей. Традыцыйным яе працягам стаў марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». За сабраныя сродкі былі закуплены чатыры электракардыёграфы — спецыяльныя апараты для работы з пацыентамі з парушэннем рытму сэрца, а таксама тры размарожвальнікі плазмы.

Ахвяраванні і пералічэнні падчас акцыі «Нашы дзеці» паступалі ад людзей, прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. Найбольш значны ўклад унеслі супрацоўнікі Нацыянальнага аэрапорта Мінск, прадстаўнікі сферы гандлю, дзіцячыя школы, дзіцячыя садкі і інш. У папярэднія гады фонд збіраў сродкі, у прыватнасці, на набыццё лекаў для лячэння нейрабластомы, рэабілітацыі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

Увогуле ж, у Беларускага дзіцячага фонду дастаткова доўгая гісторыя супрацоўніцтва з РНПЦ дзіцячай хірургіі. Некалі фонд дапамагаў з навучаннем, прывозіў у Беларусь замежных спецыялістаў. Цяпер актыўна займаецца рэабілітацыяй дзяцей пасля аперацый на сэрцы, у тым ліку ў дзіцячым цэнтры «Надзея» ў Вілейскім раёне.

Людміла Кандрашова таксама расказала пра значнасць праграмы «Цёплы дом», накіраванай на дапамогу дзецям-сіротам:

— Нядаўна я вярнулася з Туркменістана, дзе прэзентавала праграму «Цёплы дом» як унікальную форму прафесійнага выхавання дзяцей-сірот у нашай краіне. Я прадставіла звесткі аб клопаце, які праяўляе кіраўнік дзяржавы праз дзярж-праграмы і падтрымку дадзенай катэгорыі дзяцей. Гэта выклікала павагу і прызнанне, і да мяне падыходзілі міністры з розных краін, выказваючы жаданне прыехаць да нас па вопыт стварэння такіх форм выхавання, як дамы сямейнага тыпу.

Актыўна дапамагае Беларускі дзіцячы фонд і дзецям-інвалідам. Усе абласныя аддзяленні працуюць над рэалізацыяй гэтай праграмы. Кожнае дзіця, якое звярталася па дапамогу, атрымала неабходны клопат і падтрымку, уключаючы набыццё тэхнічных сродкаў і лекаў.

— Мы сапраўды там, дзе патрэбны, і заўсёды ідзем туды, дзе наша дапамога неабходна, — рэзюмавала Людміла Кандрашова


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю