Адчуць сябе студэнтам
Блізіцца да заканчэння прафарыентацыйны праект «Стань студэнтам БДТУ на адзін дзень». Лесагаспадарчы факультэт — адна з пляцовак праекта — даў магчымасць будучым абітурыентам пабачыць, як працуюць спецыяльнасці «Лясная гаспадарка», «Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва», «Турызм і прыродакарыстанне», як уладкаваны ўніверсітэцкія аўдыторыі і даведацца пра асаблівасці навучання. Для тых, хто ўжо вызначыўся з прафесійнымі інтарэсамі, такая сустрэча становіцца яшчэ адным крокам да ўсвядомленага выбару будучай адукацыі.
Сустрэча пачалася з агульнага сходу, падчас якога дэкан лесагаспадарчага факультэта Мікалай ЮШКЕВІЧ прадставіў будучым абітурыентам адукацыйныя напрамкі дзейнасці ўстановы. Аднак галоўная мэта праекта — не паспрабаваць за некалькі гадзін навучыць школьнікаў прафесійным навыкам, а даць ім магчымасць адчуць універсітэцкае асяроддзе і свядома падысці да выбару будучай спецыяльнасці.
— Наша задача — гэта пэўны кірунак прафарыентацыйнай работы. Мы хочам наблізіць будучых абітурыентаў да ўніверсітэцкай абстаноўкі і паказаць, як вучацца студэнты, дзе яны вучацца, якія аўдыторыі ёсць ва ўніверсітэце, якія дысцыпліны выкладаюцца і наколькі яны цікавыя, — расказаў Мікалай Юшкевіч.

Паводле яго слоў, важна не проста паведаміць школьнікам інфармацыю пра навучанне, але і зацікавіць іх, даць матывацыю. Падчас знаёмства з факультэтам удзельнікі могуць даведацца, чаму абраная спецыяльнасць прывабная і перспектыўная, якія веды і кампетэнцыі яна дае і якія магчымасці адкрывае пасля заканчэння ўніверсітэта.
Дэкан таксама звярнуў увагу на значную матэрыяльную і адукацыйную базу БДТУ, назапашаны вопыт і кампетэнцыі ўніверсітэта. Пры гэтым прафарыентацыйны праект не замяняе іншыя формы работы з будучымі абітурыентамі, а дапаўняе іх — разам з днямі адкрытых дзвярэй і выязнымі сустрэчамі ў школах.
Асобнае месца ў гэтай рабоце, на думку Мікалая Юшкевіча, займае ўзаемаразуменне паміж дзецьмі і бацькамі.
— Я часта жартам і нават усур’ёз кажу, што галоўная мэта — каб бацькі пачулі сваіх дзяцей. Калі яны зразумеюць, што ёсць нешта сапраўды цікавае і карыснае, што дзеці не застануцца без кавалка хлеба, тады і рашэнне з’яўляецца на паверхні, — адзначыў ён.
Не менш важны і фармат такіх сустрэч. Найбольш эфектыўным дэкан лічыць спалучэнне знаёмства з універсітэтам, выступленняў прадстаўнікоў факультэта і адкрытай размовы за круглым сталом. У такой абстаноўцы школьнікі могуць без сарамлівасці задаваць пытанні, удакладняць незразумелыя моманты і абмяркоўваць тое, што іх сапраўды цікавіць.
— Проста лекцыі і даклады — гэта сітуацыя, калі дзеці адчуваюць сябе школьнікамі на ўроках. А ім трэба разумець, што ў перспектыве іх чакае сур’ёзнае, перспектыўнае ўніверсітэцкае жыццё, — патлумачыў Мікалай Юшкевіч.

Ён падкрэсліў, што лясная гаспадарка сёння не абмяжоўваецца толькі непасрэднай працай у лесе: сучасны спецыяліст павінен разбірацца ў розных сферах, у тым ліку інфармацыйных тэхналогіях. Таму знаёмства з факультэтам можа быць карысным і тым школьнікам, якія ў выніку выберуць іншы прафесійны шлях.
Для адзінаццацікласніцы гімназіі № 36 горада Гомеля Анастасіі КАЦАР удзел у праекце стаў магчымасцю больш падрабязна пазнаёміцца са спецыяльнасцю «Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва». Цікавасць да гэтага кірунку ў дзяўчыны з’явілася яшчэ ў дзявятым класе, калі падчас сямейнага адпачынку ў Расіі яна наведвала паркі і цікавілася гісторыяй іх стварэння.
— Тады я ўпершыню даведалася пра ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва, і мне вельмі спадабаўся гэты кірунак. Я мэтанакіравана прыехала ў рамках праекта, каб лепш пазнаёміцца са спецыяльнасцю. Я вельмі захапілася гэтай тэмай, мне сапраўды цікава, — падзялілася Анастасія.
Асаблівую ўвагу школьніцы прыцягнулі расказ пра арганізацыю практыкі, дэндралогія, а таксама гісторыя і тэорыя ландшафтнага мастацтва. Пасля наведвання ўніверсітэта дзяўчына яшчэ больш упэўнілася ў сваім інтарэсе: пакуль яна не разглядае іншых варыянтаў прафесійнага выбару.
Свой кірунак паступлення вызначае і дзевяцікласнік школы № 5 горада Маладзечна Яўген КІСЕЛЬ. Ён з’яўляецца ўдзельнікам школьнага лясніцтва «Лясны вартавы» і цікавіцца спецыяльнасцю «Лясная гаспадарка» яшчэ з восьмага класа.

— Я пачаў задумвацца пра паступленне, калі стаў больш часу праводзіць на прыродзе, у лесе. Наш Маладзечанскі лясгас прапаноўваў нам дапамагаць у пасадцы дрэў. Гэта мой свядомы выбар, я не сумняваўся і не раздумваў перад тым, як прыехаць сюды, — расказаў школьнік.
Знаёмства з універсітэтам пакінула ў яго станоўчыя ўражанні: Яўген адзначыў, што яму камфортна ў БДТУ, а абраная прафесія здаецца перспектыўнай.
Такім чынам, праект «Стань студэнтам БДТУ на адзін дзень» пацвярджае: прафарыентацыя — гэта не толькі інфармацыя пра спецыяльнасці, але і магчымасць адчуць сябе часткай вялікай універсітэцкай сям’і. Для адных такая сустрэча становіцца першым крокам да прафесіі, для іншых — магчымасцю ўмацавацца ў сваім выбары. І галоўнае тут не колькасць праведзеных мерапрыемстваў, а тое, ці зможа школьнік пасля такога дня сказаць: «Я ведаю, куды і навошта іду».
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота БДТУ