У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета праходзіць урачыстая цырымонія «Адзінства ў імя міру», прысвечаная 65-годдзю Беларускага фонду міру, перадае БелТА.
У цырымоніі прымаюць удзел больш за 1 тыс. прадстаўнікоў міратворчага руху з усіх рэгіёнаў краіны і шэрагу замежных дзяржаў, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы рэспублікі, кіраўніцтва ААН, дыпмісій, аблвыканкамаў, рэлігійных канфесій Беларусі, дзеячы навукі і культуры.
Старшыня праўлення фонду Максім Місько адзначыў, што мір — самае каштоўнае для кожнага чалавека. «Змагацца за яго мы павінны пастаянна. Гэта не данасць, а праца карпатлівая, штодзённая, кожнага члена грамадства. Юбілей мы праводзім пад лозунгам „Адзінства ў імя міру“. Менавіта дзякуючы гэтаму адзінству мы можам адчуваць сябе шчаслівымі. Фонд не толькі сімвалізуе прыхільнасць Беларусі гуманізму і міралюбнасці, а ўносіць практычны і рэальны ўклад у грамадскую згоду, гуманітарнае развіццё, дапамагае дзяржаве ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі», — падкрэсліў кіраўнік.
Сёння фонд аб’ядноўвае больш за 230 тыс. членаў і больш за 1 млн валанцёраў. Гэта людзі абсалютна розных прафесій, якіх аб’ядноўвае больш, чым нацыянальная прыналежнасць, прафесійныя інтарэсы і дзяржаўныя граніцы. Іх з’яднала імкненне да міру.
«Асноўная ўвага фонду сёння — да міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця народнай дыпламатыі. «Гэта найважнейшы інструмент, які адыгрывае ключавую ролю ў міжнародных адносінах. Мы выкарыстоўваем яго, каб дастукацца да жыхароў розных краін», — сказаў ён.

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў адзначыў, што ў арганізацыі і Беларускага фонду міру вельмі сугучныя напрамкі работы. «Агульных задач дастаткова шмат, як і цікавых мерапрыемстваў у фонду. Адзначыў бы сярод іх турнір „Шахматы для міру“. Ён быў праведзены для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і адбыўся ў мінулым годзе. Фонд міру прыняў у ім самы актыўны ўдзел. Гэта быў вельмі правільны кірунак работы. Без міру няма ўстойлівага развіцця, а гэта — галоўны парадак дня нашай работы», — лічыць эксперт.