Top.Mail.Ru

Беларускі Іван «Сусанін»

Развілку дарог Салігорск — Хорастава ўпрыгожвае помнік скульптара Сяргея Селіханава, архітэктараў Валянціна Занковіча і Леаніда Левіна двум братам-патрыётам Івану і Міхаілу Цубам.


...У канцы 1942 года Беларускі штаб партызанскага руху аб’яднаў асобныя атрады і некалькі дыверсійных груп у адмысловае злучэнне: амаль дзве тысячы народных мсціўцаў пад камандаваннем легендарнага Васіля Каржа змаглі аднавіць савецкую ўладу ў значнай частцы Лунінецкага, Жыткавіцкага, Старобінскага, Іванаўскага і іншых раёнаў, надзейна кантралявалі вялізны ўчастак чыгункі Брэст — Гомель.

Для таго каб пакончыць з партызанамі, гітлераўскае камандаванне не раз выкарыстоўвала свае рэгулярныя часці з артылерыяй, авіяцыяй і танкамі, а ў лютым 1943-га супраць народных мсціўцаў была кінута групоўка агульнай колькасцю каля 20 тыс. ваеннаслужачых. Сілы былі няроўныя, у раёне вёсак Пузічы, Хорастава, Галанец партызаны апынуліся ў акружэнні…

Вырывацца давялося з баямі, адыходзіць у глыб палескіх лясоў і балот. Пакінуўшы свае дамы, разам з імі пайшлі жыхары невялікай вёскі Новіны Старобінскага раёна. Браты Міхаіл і Іван Цубы сысці не паспелі. На пытанне карнікаў, дзе партызаны, першы са злосцю адказаў: «Няхай вам ваўкі пакажуць дарогу!» і тут жа быў расстраляны.

З тым жа пытаннем і пагрозамі эсэсаўскі афіцэр накінуўся на 80-гадовага Івана. Той — уражаны смерцю брата — памаўчаў, потым... згадзіўся як быццам паказаць дарогу, але павёў фашыстаў у зусім процілеглы бок, да ўрочышча Вербы.

Спачатку дарога туды ішла лесам, потым пачалася дрыгва, скаваная марозам і злёгку прысыпаная снегам. Вечарам услед за сваім правадніком немцы падышлі да забалочаных берагоў звілістай рачулкі Лань. Там стомлены стары цяжка апусціўся на пень, прыкінуў, наколькі далёка цяпер знаходзяцца партызаны ды аднавяскоўцы, і сказаў афіцэру: «Далей вам ісці няма куды — толькі на той свет. Тут ад холаду і голаду вы ўсе перадохнеце».

Больш Івану Цубу гаварыць не далі…

Карнікі і сапраўды не маглі выбрацца з балота: сталі пускаць сігнальныя ракеты, па якіх партызаны змаглі вызначыць іх месцазнаходжанне, а потым знішчыць.

...Пахавалі Івана Цубу і яго брата Міхаіла, якія вельмі многім тады выратавалі жыццё, з вялікай пашанай у вёсцы Хорастава. А пасля вайны, дзякуючы намаганням намесніка міністра лясной гаспадаркі БССР Васіля Каржа, мала каму вядомы подзвіг у глыбінцы Палесся стаў здабыткам народнай галоснасці і гонару. Да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вёска Новіна была перайменавана ў вёску Цубы. Іван Самуілавіч Цуба пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю