Беларускія спартсменкі заваявалі два медалі ў другі дзень Кубка наймацнейшых спартсменаў па спартыўнай гімнастыцы, які праходзіць у Маскве, паведамляе БелТА.
У пятніцу, 4 ліпеня, адбыліся спаборніцтвы ў мнагабор’і сярод жанчын і юніёрак. У жаночым заліку наша Ульяна Кузьмянкова паказала пяты вынік (48,666 бала), саступіўшы чатыром гімнасткам з Расіі. Згодна з рэгламентам, прызёрамі ў адным відзе праграмы могуць стаць не больш за дзве прадстаўніцы адной краіны, таму Кузьмянкова атрымала бронзу. Сяброўка Ульяны па камандзе Кіра Магарэвіч саступіла суайчынніцы ўсяго тры дзясятыя балы. Першае і другое месцы занялі Расіянкі Людміла Рошчына (55,466) і Ганна Калмыкова (54,398).
Сярод юніёрак сярэбраны медаль заваявала наша Сафія Штыхецкая — у суме за чатыры практыкаванні беларуска набрала 51,932 бала, саступіўшы толькі Дыяне Гайнулінай з Расіі (53,199). У дзясятку лепшых да таго ж трапілі нашы Крысціна Галкоўская (6-я пазіцыя) і Вера Садырбаева (8-я). Удзел у спаборніцтвах таксама прынялі дзяўчаты з Кыргызстана і Сірыі. Напярэдадні бронзавым прызёрам у мнагабор’і ў юніёраў стаў наш Дзяніс Старавойтаў.
5 і 6 ліпеня на Кубку наймацнейшых спартсменаў па спартыўнай гімнастыцы ў Маскве адбудуцца фіналы ў асобных відах. У суботу мужчыны і юніёры разыграюць медалі на кані, кольцах і ў вольных практыкаваннях, а жанчыны і юніёркі — у апорным скачку і на брусах. У нядзелю хлопцы выявяць лепшых на перакладзіне, брусах і ў скачку, дзяўчаты — на бервяне і на дыване.