Эвакуацыя 1941–1942 гадоў... Перад вачамі мімаволі паўстаюць выявы з савецкіх кінакарцін: прыкрытыя брызентам станкі на чыгуначных платформах, лініі канвеераў у чыстым полі, з якіх сыходзяць дэталі будучых баявых машын... У гэтых клішэ — спрошчаная праўда ліхаманкавых будняў. Эвакуацыя заводаў і фабрык не вычэрпвалася перавозкай магутнасцяў з пункта А ў пункт Б: яна складалася з мноства невідавочных, але важных працэсаў. Разрыў звыклых і стварэнне новых эканамічных тэхналагічных ланцужкоў, перасяленне завадчан і іх сем’яў, размяшчэнне прадпрыемстваў на незнаёмых, малаабжытых плошчах, пераарыентацыя заводаў на новыя рэсурсныя базы, стварэнне неабходнай інфраструктуры... Умоўная аперацыя пад кодавым імем «Эвакуацыя» — першая значная перамога над Германіяй і яе сатэлітамі, якая засланіла сабой усе няўдачы першых двух гадоў вайны.
«Зубы дракона» засеяны своечасова...
Аперацыя праходзіла пад бомбамі варожай авіяцыі, пры грукаце выбухаў, учыненых дыверсантамі праціўніка, у гарачцы глыбокіх прарываў нямецкіх матарызаваных часцей углыб СССР. Але эвакуацыя адбылася і дала плён: праз тры гады першакласна забяспечаная Чырвоная Армія наступіла рэйху на горла ў яго ўласным логаве. Поспеху названай аперацыі спрыяла ваенная накіраванасць эканамічнага развіцця СССР у трэцюю пяцігодку 1938–1942 гадоў: асноўныя намаганні прамысловасці былі сканцэнтраваны на росце абараназдольнасці краіны. Грамадзянская вайна ў Іспаніі (1936–1939 гады), другая Японска-кітайская вайна (1937–1945 гады), баі на возеры Хасан і рацэ Халхін-Гол (1938–1939 гады), другая Італа-эфіопская вайна (1935–1936 гады), Савецка-фінляндская вайна (1939–1940 гадоў) сталі бліскавіцамі будучага сусветнага зарава.

Палітычнае і вышэйшае ваеннае кіраўніцтва краіны разумела: грандыёзнай бойкі не пазбегнуць. Той, хто хоча выйсці з яе пераможцам, павінен падрыхтавацца да бою загадзя.
Савецкае палітычнае кіраўніцтва, дзе дыпламатыяй, абмежаваным ваенным удзелам, спрабуючы стрымліваць узрослую агрэсію блока краін на чале з Германіяй і Японіяй, паскорана мацавала абаронны шчыт Радзімы. Да 1941-га на гэтыя патрэбы ў Савецкага Саюза ішло да паловы бюджэту. «Больш за 10 000... прадпрыемстваў былі пабудаваны за дзве з паловай пяцігодкі, гэта значыць, за пяць тысяч дзён. Фантастычныя тэмпы. Свет прызнаў гэта „рускім цудам“. Новыя прадпрыемствы закладваліся як вытворчасці двайнога прызначэння — мірнага і ваеннага: заводы сярэдняга машынабудавання — па артылерыйскім і мінамётным профілі; аўтамабільныя... — па вытворчасці бронемашын і лёгкіх танкаў; трактарныя — сярэдніх і цяжкіх танкаў; сельскагаспадарчага машынабудавання — па авіяцыйным профілі; хлебныя элеватары — як парахавыя...» — пісаў у сваёй тэматычнай працы «Вялікая Айчынная вайна: геапалітычны і рэгіянальны ўзроўні» даследчык Юрый Трыфанкоў.
Вытворчыя паясы
Краіна Саветаў ажыццяўляла ў глыбокім тыле (па-за дзеяннем патэнцыяльных налётаў бамбардзіроўшчыкаў праціўніка) шэраг глыбока прадуманых ваенна-эканамічных мерапрыемстваў. У гістарыяграфію гэта тытанічная па сваіх маштабах работа ўвайшла пад імем будаўніцтва «другога вытворчага пояса» — пазней растлумачым гэты феномен падрабязней. Паралельна на Урале, у Сібіры, у Сярэдняй Азіі спешна стваралася дадатковая паліўна-энергетычная база: перш за ўсё «другі Баку» — нафтаздабыўны раён паміж Волгай і Уралам і «другі Данбас» (вугальныя радовішчы Варкуты). Адначасова ішла спешная мадэрнізацыя старых гігантаў накшталт магнітагорскага і пабудова новых цыклапічных прампрадпрыемстваў, напрыклад Ніжнетагільскага металургічнага камбіната. З задзелам на прыняцце ў іх сценах шэрагу эвакуіраваных магутнасцяў з заходніх савецкіх рэспублік, у тым ліку БССР. «За 15 гадоў СССР стварае другую эканоміку ў свеце. „Заходні свет“ прайшоў такі шлях за 300 — 200 — 100 гадоў. Гэты... факт ніхто ў сучасным свеце не аспрэчвае», — справядліва заключае Юрый Трыфанкоў. Важная стаўка ў гэтым задзеле, арыентаваная на практычнае ўвасабленне ў жыццё магчымай будучай (і яна адбылася!) эвакуацыі, была зроблена на заводы-«дублёры» — ім пры масавым перасяленні прадпрыемстваў на ўсход адводзілася асаблівая роля. Яны і былі станавым хрыбтом «другога вытворчага пояса» краіны.
Кажучы простай мовай, каб нешта эвакуіраваць, трэба было пабудаваць тое, што можна было б эвакуіраваць, а таксама спланаваць месцы, куды гэты каштоўны «здабытак рэспублікі» паедзе, каб не дастацца ворагу.
Сумесь плана і экспромта
У канцы 1930-х у глыбінях краіны было створана каля тысячы такіх прадпрыемстваў-«дублёраў», філіялаў сваіх аналагаў — «патронаў» — у еўрапейскай частцы СССР. Яны рыхтаваліся выпускаць прадукцыю, тоесную вытворчасці заводаў-«патронаў», пакрысе абрастаючы ўласнай інфраструктурай і выбудоўваючы агульныя эканамічныя тэхналагічныя ланцужкі. З пачаткам вайны «дублёры» задумваліся не проста як «донары», што будуць вырабляць прадукцыю, пакуль «патроны» эвакуіруюцца, але як свайго роду запасныя аэрадромы, куды будуць спяшацца па чыгунцы адпаведныя прадпрыемствы. Аднак да лета 1941 года вялікая частка заводаў-дублёраў не паспела адужэць, часта далей узвядзення будынкаў-корпусаў, закладкі падмурка пад іх, стварэння першаснай інфраструктуры — пракладкі дарог, падвядзення электрычнасці, напрыклад, — справа не пайшла. Адкласці час новай сусветнай бойні да канчатковага «цэментавання» «другога пояса» прадпрыемстваў не атрымалася... «Заводы двайнога прызначэння былі недастаткова рэнтабельнымі для мірнай вытворчасці, але ў выпадку вайны станавіліся надзвычай эфектыўнымі», — пісаў у сваёй працы вышэйзгаданы аўтар. Скачкападобнае паскарэнне перадваенных тэмпаў вытворчасці вайсковай тэхнікі і рыштунку адцягвала рэсурсы, непрапарцыянальна размяркоўваючы іх, і галаўным заводам даставалася львіная доля выдзеленых сродкаў. Ва ўрон другім палавінкам — «дублёрам». Рацыянальны па сваёй сутнасці план быў выкананы ў лепшым выпадку напалову, на гарманічнае развіццё «другога вытворчага пояса» не хапала сродкаў і самага каштоўнага рэсурсу — часу. Пасеяныя эканамічныя «зубы дракона» раслі павольна — на гэта былі свае прычыны.

У СССР, які спешна ўмацоўваў вытворчыя мускулы перад сутычкай з краінамі гітлераўскага блока, не хапала і вопыту для рэалізацыі такога мерапрыемства. Нашы папярэднікі ішлі зусім непратаптаным шляхам, бо ніхто дагэтуль не рыхтаваў такую велізарную краіну да вайны падобных тытанічных памераў... Расійская імперыя, напрыклад, толькі паспрабавала зрабіць нешта падобнае ў 1914, і асабліва ў 1915 годзе, у дні вялікага адступлення Усходняга фронту Першай сусветнай, аднак амаль усе прадпрыемствы, перавезеныя на ўсход дзяржавы, ператварыліся ў масу станкоў і абсталявання, літаральна зваленага пад першымі ўбачанымі дахамі... Там гэтыя груды жалеза, якое ржавела і раскрадалася, знайшлі ў 1917-м прадстаўнікі новай рэвалюцыйнай улады. Практычны вопыт эвакуацыйных мерапрыемстваў царскай адміністрацыі, які адшукваўся перад Вялікай Айчыннай ужо савецкімі спецыялістамі ў найбуйнейшых бібліятэках Масквы і Ленінграда, быў нікчэмны — і толькі эпізадычна зафіксаваны ў лічаных выданнях і дакументах... Гіганцкі кідок на ўсход 1941–1942 гадоў нашым папярэднікам давялося рабіць «сваёй галавой», «на жывую нітку» — шмат у чым экспромтам!
Нягледзячы ні на што, нават фрагментарна рэалізаваная схема з заводамі-дублёрамі дала доўгатэрміновы кумулятыўны станоўчы эфект. Большасць прадпрыемстваў, якія перапраўляліся з захаду на ўсход краіны, прыязджалі не ў голы стэп або дзікую тайгу, а ў больш-менш абсталяваныя ў інжынерным плане лакацыі. Летам—восенню 1941 года, калі звыклае жыццё ляцела пад адхон, рабочым, іх кіраўнікам і такі палавінчаты зачын здаваўся велізарным дабром. З’ехаць з-пад бомбаў, з-пад носа равучых маторамі матацыклаў і танкаў з крыжамі ў ціхае месца, дзе ўжо ёсць карпусы прадпрыемстваў ці хоць бы падмуркі пад іх, па мерках 1941 года лічылася проста цудам!
Аснова для эвакуацыі, па неабходнасці выкананай шмат у чым экспромтам, была закладзена палавінчатая, але з перспектывай на далейшае развіццё. Што ў нашых продкаў, нягледзячы на ліхаманку ваенных будняў, выдатна атрымалася: вайна скончылася ў 1945-м у Берліне, Празе і Вене, а не ў 1941-м у Ленінградзе і Маскве.
Аляксей СЕРАБРАКОЎ