Top.Mail.Ru

Беларускі парламентарый на пляцоўцы ПА АБСЕ: Еўрапейская прастора бяспекі перажывае глыбокі крызіс

Еўрапейская прастора бяспекі сёння перажывае самы глыбокі крызіс з часу падпісання Хельсінкскага заключнага акту. Пра гэта наўпрост сведчыць агульная ацэнка сітуацыі ў АБСЕ ў 2025 годзе. Гэта адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў на пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ ў Вене (Аўстрыйская Рэспубліка), паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Па словах парламентарыя, арганізацыя фактычна губляе здольнасць функцыянаваць як паўнавартасная пляцоўка для раўнапраўнага дыялогу і выпрацоўкі кансэнсусных рашэнняў. «Дэлегацыя Беларусі лічыць непрымальнымі дзеянні старшынства ПА АБСЕ па запрашэнні ў якасці ганаровага госця і прадастаўленні пляцоўкі для выступлення чалавеку, які пераследуецца ў Беларусі па законе аб экстрэмісцкай дзейнасці. Беларуская дэлегацыя рашуча адхіляе спробы старшынства навязаць нам кантакты, у якіх мы не маем патрэбы. Давайце ўмацоўваць дыялог паміж краінамі-членамі ПА АБСЕ», — сказаў ён.

Старшыня Пастаяннай камісіі адзначыў, што ваенна-палітычнае вымярэнне АБСЕ знаходзіцца сёння ў стане глыбокай стагнацыі: дыялог па пытаннях кантролю над узбраеннямі і мерах умацавання даверу фактычна згорнуты, захоўваецца высокая ступень узаемнага недаверу, а абмеркаванне пытанняў ваеннай стабільнасці падмяняецца палітызаванай рыторыкай.

Паводле слоў беларускага парламентарыя, эканоміка-экалагічнае вымярэнне таксама істотна палітызаванае. Замест прадметнага абмеркавання ўстойлівага развіцця, транспартнай звязанасці, энергетычнай бяспекі і экалагічных выклікаў парадак дня нярэдка ўвязваецца з санкцыйнай і канфрантацыйнай тэматыкай, што зніжае практычную аддачу супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц.

Гуманітарнае вымярэнне застаецца найбольш канфліктным, працягнуў Сяргей Рачкоў. Тэматыка правоў чалавека ўсё часцей выкарыстоўваецца як інструмент палітычнага ціску на непажаданыя Заходняй большасці дзяржавы, што падрывае давер і перашкаджае фармаванню аб’яднальнага парадку дня, першапачаткова закладзенага ў мандаце АБСЕ.

«Беларусь адчувае крызіс еўрапейскай бяспекі не тэарэтычна, а непасрэдна — у выглядзе нарошчвання ваеннай актыўнасці ля нашых граніц, узвядзення загараджальных збудаванняў, спынення транспартных і эканамічных сувязяў. Замест супольнага развязання агульных выклікаў мы назіраем лінію на ізаляцыю і санкцыйны ціск», — сказаў парламентарый.

У гэтых умовах Беларусь прадпрымае вымушаныя меры ў адказ па забеспячэнні ўласнай бяспекі, адзначыў ён. «Пры гэтым мы дзейнічаем празрыста і ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам», — падкрэсліў Сяргей Рачкоў.

Ён указаў на ключавую задачу сёння — пачаць сур’ёзнае абмеркаванне новай, інклюзіўнай архітэктуры Еўразійскай бяспекі. «Беларусь гатовая да сумленнай, раўнапраўнай і прафесійнай размовы на любой пляцоўцы, уключаючы штогадовую Мінскую міжнародную канферэнцыю, пра будучыню бяспекі на нашым агульным кантыненце — не супраць каго-небудзь, а дзеля прадухілення новай вялікай вайны», — сказаў ён.

Як паведамлялася, дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у ПА АБСЕ пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргея Рачкова 19-20 лютага прымае ўдзел у 25-м зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў Вене (Аўстрыйская Рэспубліка).

Па словах Сяргея Рачкова, парадак дня зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ вельмі напружаны, у цэнтры абмеркавання перш за ўсё пытанні, звязаныя з еўрапейскай бяспекай. Удзельнікі не абыходзяць бокам і тэму вакол Украіны. Пры гэтым, як адзначае беларуская дэлегацыя, напал зніжаецца.

«Вельмі многія дэлегаты падтрымалі прапанову дэлегацыі Рэспублікі Беларусь аб тым, што неабходна весці дыялог, а не канфліктаваць. Вельмі важна тое, што мы цяпер знаходзімся на вельмі небяспечным этапе развіцця нашага рэгіёну. І шэраг дэлегацый пачынае ўсведамляць гэта, вяртаецца ў пэўнай ступені здаровы сэнс да абмеркавання тых пытанняў, якія з’яўляюцца надзённымі. Беларуская дэлегацыя сустракае разуменне па тых тэзісах, якія мы агучваем як на пасяджэнні агульнага камітэта па палітычных пытаннях, так і на пасяджэнні Камітэта па эканамічных тэмах», — звярнуў увагу парламентарый.

Ён паказаў, што беларуская дэлегацыя працягнула вельмі жорстка падымаць тэму санкцыйных дзеянняў еўрапейцаў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Рачкоў адзначыў, што прагучаў шэраг станоўчых выступленняў, у прыватнасці Генеральнага сакратара АБСЕ, які выказаўся на карысць інклюзіўнага дыялогу, абмеркавання складаных пытанняў, пошуку прычын, па якіх арганізацыя знаходзіцца ў крызісе.

«На пасяджэнні палітычнага камітэта дакладчык гэтага камітэта звярнуўся да тэмы, звязанай з недапушчальнасцю аказання ўплыву на дзяржаву. Тут ішоў намёк, вядома, на Злучаныя Штаты Амерыкі, на дзеянні прэзідэнта Трампа перш за ўсё ў дачыненні да Грэнландыі. І прагучалі выказванні і тэзісы, якія супадаюць з нашымі падыходамі, што давайце будзем ажыццяўляць эканамічнае супрацоўніцтва, а не аказваць ціск адзін на аднаго», — паведаміў парламентарый.

На парадку работы беларускай дэлегацыі вельмі шмат двухбаковых сустрэч і кантактаў. Адбыліся зносіны з генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі АБСЕ, сустрэча з кіраўніком дзелавога савета Аўстрыя — Беларусь, абмеркаванне эканамічных пытанняў, магчымасцяў пашырэння двухбаковага гандлю ў тых умовах, якія цяпер складваюцца вакол Беларусі. Вельмі важная сустрэча адбылася з парламентарыямі Славакіі і інш.

«Ідзе вельмі вялікая зацікаўленасць у зносінах з беларускім бокам. Падкрэсліваецца, што ў Еўропе пачынаюць разумець усю згубнасць палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам Еўрапейскага саюза, неабходна шукаць агульныя пункты судакранання і разам думаць пра тое, як утрымаць Еўропу ад спаўзання да катастрофы», — сказаў на заканчэнне парламентарый.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю