29-ы міжнародны выставачны праект «Беларускі прамысловы форум — 2026» праходзіць у Мінску з 14 па 16 кастрычніка. Сёлета ў мерапрыемстве бяруць удзел больш за 50 кампаній з Беларусі, Расіі і Кітая, а агульная плошча экспазіцыі складае 2000 кв. м. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі выставачныя прадпрыемствы «Экспафорум» пры падтрымцы Гандлёвага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь і Міжнароднай асацыяцыі «Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі».
Паводле слоў дырэктара выставачнага прадпрыемства «Экспафорум» Вікторыі МІКАЛЮК, за сваю працяглую гісторыю форум стаў вельмі важнай насычанай і магутнай дыялогавай і дэманстрацыйнай пляцоўкай для спецыялістаў розных галін прамысловасці.
— Сёлета форум уяўляе сабой сінергію шасці ўзаемадапаўняльных галіновых выставак пад адзіным брэндам: Іndustry Expo, «Прафзварка», «Палімеры і кампазіты», LABTech, «Хімія. Нафта і газ» і выстаўка лічбавых тэхналогій Smart Іndustry Expo, — падзялілася яна. — На працягу трох дзён выстаўкі спецыялістаў чакаюць дзелавыя перагаворы з вытворцамі і заказчыкамі прадукцыі ў рамках біржы субкантрактаў, індустрыяльны форум па лічбавай трансфармацыі прамысловасці, канферэнцыя па зварцы, сімпозіум па адытыўных тэхналогіях.

У сваю чаргу старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ілья Ікан адзначыў, што на Беларускім прамысловым форуме ствараецца ўнікальнае асяроддзе.
— Тут акадэмічныя гіпотэзы праходзяць праверку прамысловай дастасавальнасцю, а глабальныя выклікі ператвараюцца ў канкрэтныя задачы для цэнтраў даследаванняў і распрацовак. Упэўнены, што прадстаўленыя на форуме распрацоўкі і тэхналогіі стануць асновай для далейшай мадэрнізацыі вытворчых працэсаў, — падкрэсліў ён.
Айчынныя распрацоўшчыкі задалі высокую планку ў сегменце разумнай вытворчасці. Так, беларуская ІT-кампанія «ЛюксСофт» прадставіла ІІoT-платформу MІTE і LSF WMS для кіравання складскімі аперацыямі, якія здольныя аблічбаваць лагістыку заводаў у адпаведнасці з канцэпцыяй Індустрыі 4.0. Бяспеку гэтых працэсаў гарантуе ТАА «ІТАС», чыя лінейка маршрутызатараў WAP і сродкаў шыфравання іtVPN працуе на базе суверэннай беларускай крыптаграфіі, абараняючы сеткавую інфраструктуру выдаленых прамысловых аб’ектаў ад знешніх кіберпагроз.
У хімічным і энергетычным сектарах увагу прыцягнула ТАА «БІТ Электра» з антыкаразійнымі карпусамі з арміраванага шкловалакном пластыку для цяжкіх вытворчасцяў, а кампанія «Клінрумбел» закрыла патрэбнасці фармацэўтаў і харчавікоў, прэзентаваўшы перадавыя модулі для стэрыльных «чыстых памяшканняў» па стандартах GMP і HMP.

Каля трэцяй часткі выстаўкі займалі экспаненты з Расійскай Федэрацыі. Гандлёвы прадстаўнік Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Юрый ЗАЛАТАРОЎ заявіў: вельмі прыемна ўсведамляць тое, што расійскі сегмент заўсёды ў дастатковай ступені аўтарытэтна прысутнічае на гэтай выстаўцы.
— Расія і Беларусь ужо на працягу доўгага часу з’яўляюцца найбольш цеснымі партнёрамі ў розных галінах — у сферы палітыкі і бяспекі, навукі і культуры і, вядома, у сферы эканомікі. Я хацеў бы падкрэсліць, што сукупнае абарачэнне па выніках 2025 года паміж Расіяй і Беларуссю ўпэўнена перавысіла адзнаку ў 50 млрд долараў, — адзначыў ён. — Пры гэтым Расійская Федэрацыя з’яўляецца асноўным партнёрам у сферы гандлёва-эканамічных адносін для Рэспублікі Беларусь. І Беларусь таксама на працягу дзесяцігоддзяў уваходзіць упэўнена ў топ-5 асноўных партнёраў для Расійскай Федэрацыі.
Наперадзе ва ўдзельнікаў форуму — яшчэ шмат работы, прафесійных дыскусій, прэзентацый і конкурсных праграм. Азнаёміцца з цікавымі навінкамі галіны можна ў «Футбольным манежы» да 16 кастрычніка.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара