Савет Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і снаўборда (FІS) прыняў рашэнне не дапускаць беларускіх спартсменаў да адбору на зімовыя Алімпійскія гульні — 2026 у Італіі нават у якасці індывідуальных нейтральных атлетаў.
Камісія спартсменаў НАК Беларусі адрасавала прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Ковентры пытанне аб падобным рашэнні. Старшыня камісіі спартсменаў НАК Беларусі Аляксандр Багдановіч і яго намеснік Сяргей Рутэнка ўзялі ўдзел у відэаканферэнцыі з камісіяй атлетаў МАК, прэзідэнтам МАК і прадстаўнікамі камісій іншых краін. «Азнаёміўшыся з заявай МАК ад 17 кастрычніка ў дачыненні да адмовы ў візах для ізраільскай дэлегацыі ўрадам Інданезіі для ўдзелу ў чэмпіянаце свету па спартыўнай гімнастыцы, усе беларускія спартсмены падтрымліваюць прынцыпы, выкладзеныя ў ім, уключаючы асноватворныя: недыскрымінацыі, аўтаноміі і палітычнага нейтралітэту. Мы з надзеяй чакаем, што Міжнародны алімпійскі камітэт будзе гэтак жа рашуча і паслядоўна абараняць правы ўсіх спартсменаў незалежна ад іх нацыянальнасці. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці будзе з боку МАК нейкая рэакцыя ў дачыненні да зімовых міжнародных федэрацый, у тым ліку рашэння FІS на фактычны нядопуск беларускіх спартсменаў, нават у нейтральным статусе, да турніраў зімовай Алімпійскай кваліфікацыі Гульняў у Мілане 2026?» — задалі беларускія спартсмены канкрэтнае лагічнае пытанне.
- На што прэзідэнт МАК адказала, што работа камітэта заключаецца ў тым, каб усе атлеты мелі магчымасць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. «Ніхто са спартсменаў не павінен несці адказнасць за палітычныя рашэнні і погляды. Гэта лёгка сказаць, але часам вельмі складана ажыццявіць. Важны адкрыты дыялог. Неабходна абмяркоўваць усе гэтыя пытанні, нягледзячы на іх складанасць. Мы павінны быць цярплівыя і імкнуцца дасягнуць пастаўленых мэт у канчатковым выніку. Мы імкнёмся быць паслядоўнымі ў рашэннях, якія прымаюцца і будуць рэалізаваны. Я ведаю пра абмеркаванне вашага пытання FІS, але яшчэ чакаю поўнай інфармацыі ад прэзідэнта федэрацыі, каб дасканала разумець дыскусію, якая адбылася. Не магу каментаваць далей, бо не маю на руках афіцыйнай справаздачы аб выніках Савета. Я вярнуся да вас з адказам пасля гутаркі з прэзідэнтам FІS, калі ў нас будзе поўнае разуменне таго, што адбывалася на пасяджэнні Савета», — адказала на гэта Кірсці Ковентры. У цэлым усё стандартна — традыцыйныя размовы пра недапушчальнасць дыскрымінацыі спартсменаў, цярпенне. І галоўнае — пра гатоўнасць да дыялогу, які насамрэч ніхто не хоча весці.
У верасні была добрая нагода парадавацца за паралімпійцаў — Генеральная асамблея МПК прагаласавала за поўнае аднаўленне правоў Паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі. Гэта рашэнне азначала, што спартсмены абедзвюх краін змогуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях пры ўмове іх кваліфікацыі згодна з правіламі адпаведнай міжнароднай федэрацыі. Аднак Федэрацыя лыжнага спорту і снаўборда (FІS) прыняла рашэнне не дапускаць беларусаў і расіян да адбору, адхіленне працягнулі Міжнародны саюз біятлона (ІBU) з Сусветнай федэрацыяй кёрлінга. Такім чынам, беларускія спартсмены дакладна не змогуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях 2026 года.
Валерыя СЦЯЦКО