Беларускія спартсменкі не здолелі трапіць у топ-10 спрынту на трэцім этапе Кубка Садружнасці па біятлоне, які стартаваў у Чайкоўскім Пермскага краю, паведамляе БелТА.
На старт гонкі выйшлі 55 дзяўчат. Перамогу атрымала расіянка Ірына Казакевіч, другое месца заняла яе суайчынніца Іна Цярэшчанка, тройку дапоўніла Крысціна Разцова. Лепшай з беларусак стала Ганна Сола, якая з трыма коламі штрафу паказала 14-ы вынік.
Алена Кулак замкнула дваццатку лепшых, Дынара Смольская дапусціла тры промахі і апынулася на 24-м радку, Ірына Шаклеіна размясцілася ўслед за ёй. Ксенія Варабей — 31-я, Ганна Макарская — 43-я, Вікторыя Шашкова — 45-я, Ганна Пясцерава — 48-я, Аліна Зайцава не стартавала.
Раней, 19 снежня, у топ-10 спрынту ў хлопцаў трапілі нашы Антон Смольскі (6-е месца) і Сцяпан Данілаў (10-е). Праграму трэцяга этапу Кубка Садружнасці па біятлоне прадоўжаць суботнія гонкі праследавання. Мужчынскі пасьют пачнецца а дзявятай гадзіне раніцы, жаночы — у 11:00. 21 снежня ў Чайкоўскім пройдуць мас-старты.