Top.Mail.Ru

Беларускія дызайнеры пераапрануць гоншчыкаў

Канцэрн «Беллегпрам» стварае новую экіпіроўку для каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Куратарамі праекта выступаюць вядомыя беларускія дызайнеры — галоўны мастак-мадэльер Дызайн-цэнтра ААТ «Камволь» Эльвіра Жвікава і мадэльер-дызайнер брэнда LEMONGRASS Алена Брыцька.


— Мы ўжо графічна адмалявалі калекцыю, распрацаваўшы канцэпцыю на базе мадэляў прадпрыемстваў канцэрна, — расказала Эльвіра Жвікава. — Асартымент досыць варыятыўны: прадстаўнікам каманды мы будзем прапанаваць на разгляд цэлы шэраг мадэляў. Будуць выбраныя тыя варыянты, якія сапраўды спадабаюцца спартсменам. Тэрміны сціслыя, і эскізная частка ўжо зацверджаная на пасяджэнні ў канцэрне «Беллегпрам». Цяпер эскізы рассылаюцца па прадпрыемствах, мы прагаворваем усе дэталі з дызайнерамі і тэхнолагамі ўжо непасрэдна на вытворчасцях.

Новая экіпіроўка будзе адшывацца на прадпрыемствах «Беллегпрам». У праекце ўдзельнічаюць практычна ўсе найбуйнейшыя брэнды канцэрна, у тым ліку «Славянка», «Палессе», «Світанак», ААТ «8 Марта» і г. д. 

«Магатэкс» і «Камволь» прадастаўляюць тканіны. Прапануюць свае варыянты абутку «BELWEST», «Луч», «Marko», «АКТИВ ШУЗ». Не застанецца ўбаку «GALANTEYA» — яна распрацоўвае мадэлі сумак і несэсэраў для гоншчыкаў.

Узоры экіпіроўкі каманды «МАЗ-СПОРТаўта» будуць гатовыя ўжо да канца лютага, дадала галоўны мастак-мадэльер Дызайн-цэнтра ААТ «Камволь».

Нагадаем, што 21 студзеня кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскі аўтазавод, у тым ліку тэрыторыю спартыўнай каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Прафесійная гоначная каманда Мінскага аўтамабільнага завода, якая ўдзельнічае ў ралі-рэйдах, была створана ў 2010 годзе і з’яўляецца структурным падраздзяленнем ААТ «МАЗ». За час існавання яна ўзяла ўдзел у 54 гонках нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, у 34 з якіх стала прызёрам або пераможцам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю