Зборная каманда з 16 чалавек прадэманстравала высокія вынікі як у асабістых, так і камандных катэгорыях.
На першым этапе, 4 кастрычніка, у асабістым заліку беларускія дзюдаісты заваявалі 7 узнагарод. «Золата» — у Соф’і Мінько і Соф’і Ярмантовіч. «Серабро» — у Соф’і Лісоўскай і Аляксандра Алейнікава. «Бронза» — у Аляксандры Князевай, Максіма Строкуна і Фелікса Саўчанкі.
5 кастрычніка нашы спартсмены выйшлі на татамі ў камандных спаборніцтвах. Нягледзячы на паражэнне ў першай сустрэчы з камандай з Узбекістана (0:7), беларуская каманда прадэманстравала волю да перамогі, упэўнена выйграўшы ў каманды Таджыкістана (7:3). Гэта дазволіла ім заваяваць заслужанае трэцяе месца на ІІІ Гульнях краін СНД.
Трэнер каманды Таццяна КУНЦЭВІЧ адзначыла, што арганізацыя спаборніцтваў была на сярэднім узроўні, з некаторымі спрэчнымі момантамі ў судзействе. Яна дадала, што, нягледзячы на невялікую колькасць каманд у кожнай вагавой катэгорыі (максімум шэсць), канкурэнцыя была сур’ёзнай і каманды паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Паводле яе слоў, вынік каманды ў асабістым заліку можна лічыць здавальняючым, хаця быў патэнцыял для заваявання большай колькасці медалёў. Таксама яна падкрэсліла, што для выхаду ў фінал камандных спаборніцтваў не хапіла сіл, вопыту і тактычнай падрыхтоўкі, а таксама было шмат памылак.
Пасля заваяваных узнагарод Таццяна Кунцэвіч адчувала пачуццё радасці і гонару за сваіх спартсменаў. Яна адзначыла згуртаванасць каманды і тое, як кожны з удзельнікаў перажываў за поспехі адно аднаго. «Гэта сапраўды прэстыжнае дасягненне, бо каманда здолела ўвайсці ў тройку наймацнейшых», — падкрэсліла трэнер.
Сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў падзялілася сярэбраная прызёрка Соф’я ЛІСОЎСКАЯ. Спартсменка адзначыла, што на зборах ёй давялося пераадольваць мноства інтэнсіўных трэніровак, падчас спаборніцтваў яна адчувала моцнае хваляванне, паколькі гэты медаль меў для дзяўчыны асаблівае значэнне. Соф’я прызналася, што дапусціла некалькі памылак, у тым ліку выхад за межы татамі, што, на жаль, паўплывала на яе выступленне.
Дзюдаістка заўважыла, што значную падтрымку ёй аказваў бацька: гэта надавала ёй упэўненасці і сіл на татамі. Дзяўчына прыгадала яркія моманты камандных спаборніцтваў, калі, на жаль, не ўдалося дайсці да чаргі для барацьбы, але гэты вопыт пакінуў станоўчыя ўражанні і стаў важным урокам для яе далейшага развіцця. У цэлым, яна настроена аптымістычна і гатова выкарыстоўваць атрыманы вопыт для дасягнення новых вышынь у дзюдо.
Эліна ГРАМЫКА, вучаніца 11 «Д» класа Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Фота прадстаўлена федэрацыяй дзюдо Азербайджана.