Top.Mail.Ru

На Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску прайшоў матч зборных Беларусі і Расіі па футболе

Зборная Беларусі па футболе прайграла, але вынесла ўрок.


Нацыянальны футбольны стадыён, урачыста адкрыты на мінулым тыдні, пустым не стаіць і жыве футболам — як гэта і планавалася. Праўда, спадзяванні на тое, што атрымаўшы такі падарунак, нашы футбалісты будуць радаваць аматараў (на што падчас цырымоніі адкрыцця стадыёна звяртаў увагу і Прэзідэнт) пакуль не апраўдаліся. Маладзёжная зборная па футболе ў дзень адкрыцця арэны хоць і парадавала прыгожай гульнёй са зборнай Кітая, але згуляла ўнічыю — 1:1. А вось нацыянальная зборная, на якую заўсёды ўскладаюць асаблівыя чаканні, на новым стадыёне ў таварыскім матчы са зборнай Расіі ўступіла —1:4. 

Ад дамашніх матчаў зборнай, якіх зараз вельмі мала, заўжды чакаюць нечага грандыёзнага. Год таму на стадыёне «Дынама» нашы футбалісты ўступілі расійскімі сапернікам з разгромным вынікам 4:0. Сёлета вынік не такі разгромны, але дакладна не той, якога чакалі 27 тысяч гледачоў на трыбунах новага стадыёна. Тым больш, што гэты матч быў асаблівым — сотым матчам нацыянальнай зборнай на дамашнім стадыёне. І першым матчам для зборнай на новай арэне. 

«Каманда ў цэлым гуляла нядрэнна, у нас былі моманты. Не магу сказаць, што вынік адпавядае гульні, асабліва ў першым тайме. Нажаль, мы дапусцілі занадта шмат памылак, за якія нас пакаралі маладыя расійскія таленты, яны забівалі лёгкія мячы. Звычайна мы так часта не памыляемся, але сёння так склалася. Часам ты перамагаеш, а часам вучышся. Так атрымалася, што сёння мы вынеслі ўрок. Гулялі з моцным сапернікам, я атрымаў шмат інфармацыі перад адборачнымі матчамі на чэмпіянат свету. Заўсёды стаю за гульцоў, трэба прыняць гэты вынік і рухацца далей», — падзяліўся з журналістамі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Карлас Алас.

Аднак не ўсё так сумна, ёсць і добрыя моманты. Напрыклад, галоўны трэнер расійскай зборнай Валерый Карпін адзначыў прагрэс беларускіх футбалістаў: «У параўнанні з леташнім матчам кінулася ў вочы, што беларусы дадалі ў хуткасці, часта бегалі ў контратакі, нам было няпроста. Гульнёй сваёй каманды я задаволены, не на працягу ўсіх 90 хвілін, але большую частку матчу хлопцы дзейнічалі па плане і выконвалі ўстаноўку». Дарэчы, усе чатыры галы ў беларускія вароты забіў расіянін Яраслаў Гладышаў, у беларусаў адзіным голам адзначыўся Вадзім Пігас. 

  • Нагадаем, што на мінулым тыдні зборная Беларусі на «Барысаў-арэне» абыграла каманду Казахстана з вынікам 4:1. У пачатку сезона перамагла футбалістаў Таджыкістана — 5:0 і Азербайджана — 2:0. Гэтыя матчы, як і спарынг з Расіяй сталі падрыхтоўкай да адборачнага турніру чэмпіянату свету 2026 года. Першы матч у кваліфікацыйнай групе з беларусы правядуць 5 верасня ў гасцях у каманды Грэцыі. Таксама беларусы згуляюць з камандамі Даніі і Шатландыі. 

Валерыя СЦЯЦКО. 

Фота БелТА. 

Screenshot_398.jpg
Screenshot_396.jpg
Screenshot_397.jpg
Screenshot_400.jpg
Screenshot_401.jpg
Screenshot_399.jpg

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю