Беларусы занялі першае месца ў дывізіёне C першага ў гісторыі чэмпіянату свету і фестывалю Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) сярод юнакоў да 15 гадоў, які завяршаецца ў Азербайджане, паведамляе БелТА.
У сённяшнім фінальным паядынку падапечныя Дзмітрыя Пятроўскага перамаглі ў Баку аднагодкаў з Туніса з лікам 3:0. Ужо на 3-й хвіліне гульні Іван Быстры адкрыў лік, рэалізаваўшы пенальці, а потым Яўген Баценкаў падвоіў перавагу нашай каманды. Адразу пасля перапынку Іван Быстры аформіў дубль, устанавіўшы канчатковы вынік сустрэчы. Лепшым бамбардзірам у складзе зборнай Беларусі стаў Арсеній Аплевіч, які забіў 18 мячоў, у актыве Івана Быстрага 13 мячоў. У першым раўндзе плэй-оф дывізіёна С зборная Беларусі выйграла ў каманды Гібралтара — 6:0, у 1/8 фіналу адолела аднагодкаў з Чылі — 2:1, у чвэрцьфінале была мацнейшай за зборную Уганды — 5:1, а ў паўфінале перамагла Шатландыю — 1:0. На першым этапе планетарнага форуму беларусы занялі трэцяе месца ў папярэдняй групе О, разграміўшы аднагодкаў з Папуа-Новай Гвінеі з лікам 20:0 і каманды Батсваны і Манголіі з аднолькавым вынікам 7:0. Акрамя таго, беларускія футбалісты згулялі ўнічыю з перуанцамі — 2:2 і саступілі малійцам — 1:2.
Асноўная частка матчаў прайшла на новым комплексе футбольных палёў у пасёлку Гоўсан, а вырашальныя паядынкі за выніковыя месцы прымае спарткомплекс Crystal Hall ў Баку. У галоўным паядынку за чэмпіёнскі тытул сустрэнуцца футбалісты Чэхіі і Іспаніі, у фінале дывізіёна B згуляюць каманды Партугаліі і Замбіі.
Усяго ў планетарным форуме прынялі ўдзел 189 каманд з усёй планеты, якія правялі амаль тысячу паядынкаў. Усе выдаткі па правядзенні маштабнага форуму — авіяпералёты, пражыванне, харчаванне, медзабеспячэнне, судзейства — узяла на сябе Міжнародная федэрацыя футбола.