Top.Mail.Ru

Беларускія футбалісты выбылі з Лігі канферэнцый

Беларускія футбольныя клубы няўдала згулялі ў трэцім раўндзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый і завяршылі еўракубкавы сезон, паведамляе БелТА.

Чэмпіён Беларусі «МЛ Віцебск» у намінальна дамашнім паядынку ў венгерскім Мезекевешдэ не ўтрымаў перамогу над баснійскім клубам «Борац». У самым канцы першага тайма Дэнільё Клеанізэ вывеў віцябчан наперад, і асноўны час завяршыўся з лікам 1:0. У авертайме Мацей Дэкет аднавіў раўнавагу — 1:1, аднак у самым канцы дадатковага часу Арцём Канцавой прамым ударам са штрафнога забіў пераможны гол — 2:1. У серыі пасляматчавых пенальці беларусы саступілі — 2:4. Тыдзень таму ў Баня-Луке баснійцы перамаглі з мінімальнай перавагай — 1:0. Такім чынам, «Борац» у матчах за выхад у асноўны этап ЛК будзе сапернічаць з ісландскім «Вікінгурам» з Рэйк’явіка. Віцябчане пачыналі гэты еўракубкавы сезон у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, двойчы саступіўшы румынскай «Універсітатэ» з Краёвы — 1:4 і 0:1. Перамясціўшыся ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі канферэнцый, яны ўпэўнена прайшлі чарнагорскую «Суцьеску» з Нікшыча, атрымаўшы дзве перамогі — 3:0 і 2:1.

Мінскае «Дынама» ў балгарскім горадзе Стара-Загора разышліся мірам з партугальскай «Брагай» — 0:0. На мінулым тыдні ў Партугаліі мінчане прайгралі 0:1. У барацьбе за трапленне ў галоўны этап партугальцы сустрэнуцца з венскай «Аустрыяй». У першым раўндзе кваліфікацыі ЛК мінскія дынамаўцы прайшлі паўночнамакедонскі «Сілекс» з Кратава, а затым аказаліся мацнейшымі за азербайджанскі «Нефтчы» з Баку.

Паядынкі за выхад у асноўны этап Лігі канферэнцый адбудуцца 20 і 27 жніўня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю