Дзявочая зборная Беларусі па гандболе ўвайшла ў дзясятку лепшых на чэмпіянаце свету сярод спартсменак не старэйшых за 16 гадоў у мараканскім Агадыры, паведамляе БелТА.
Удзел у планетарным форуме прынялі зборныя 16 краін, якія былі падзелены на чатыры групы. У паўфіналы прабіліся толькі пераможцы квартэтаў. Нашы дзяўчаты набралі 4 ачкі ў трох матчах і занялі другое месца ў групе В — беларускі перамаглі равесніц з Парагвая (38:35) і Гвінеі (41:33) і ўступілі венгеркам (20:34).
Беларускія гандбалісткі трапілі ў суцяшальны міні-турнір, 22 кастрычніка яны згуляюць са зборнай-U16 Казахстана, якая была другой у пуле А. Паядынак пачнецца ў 19.15 па мінскім часе. Пераможца сустрэнецца з лепшай камандай пары Узбекістан — Егіпет у матчы за 5-е месца, той, хто прайграе, адправіцца аспрэчваць 7-ю пазіцыю.
У першым паўфінале чэмпіянату свету па гандболе сярод дзяўчат у чацвер сыдуцца зборныя-U16 Кітая і Венгрыі, другую пуцёўку ў фінал разыграюць прадстаўніцы Расіі і Германіі. Матчы за медалі і падагульняючыя месцы адбудуцца 24 кастрычніка.