У гандбольнай Лізе чэмпіёнаў завяршыліся паядынкі дзявятага тура групавога раўнда, паведаміла БелТА.
У групе В польская «Вісла» з Плоцка перайграла на выездзе французскі «Пары Сен-Жэрмен» з мінімальнай перавагай — 30:29. Свой другі мяч у гэтым сезоне ЛЧ закінуў беларускі легіянер польскага клуба Кірыл Самойла. Аўтсайдар турніру харвацкі «Заграб» пацярпеў дзявятае паражэнне, прайграўшы ў Сегедзе венгерскаму «Піку» з вынікам 26:32. Беларускі разыгрываючы харвацкага клуба Ігар Бяляўскі вызначыўся сем разоў і давёў свой бамбардзірскі лік да 40 мячоў, левы крайні Станіслаў Садоўскі двойчы паразіў вароты сапернікаў, і цяпер у яго актыве 10 закінутых мячоў. Дацкі «Гудме» прайграў на сваёй арэне іспанскай «Барселоне» — 28:41. Лідар групы нямецкі «Магдэбург» выйграў дзявяты паядынак запар, перамогшы ў паўночнамакедонскай Бітале мясцовы клуб «Еўрафарм Пелістэр» — 31:26. Становішча каманд пасля 9 тураў: «Магдэбург» — 18 ачкоў, «Барселона» — 16, «Вісла» — 12, «Пік» — 10, «Пары Сен-Жэрмен» — 6, «Гудме» — 6, «Еўрафарм Пелістэр» — 4, «Заграб» — 0.
У групе А польскі «Кельцэ» адолеў у сябе дома бухарэсцкае «Дынама» з розніцай на два галы — 34:32. беларускі лінейны гаспадароў Арцём Каралёк закінуў свой 38-ы мяч у гэтым сезоне чэмпіёнскай Лігі. Дацкі «Ольбарг» перамог на сваёй арэне французскі «Нант» — 31:24. Лідары гэтай групы гандбалісты «Берліна» сваю дзявятую вікторыю запар здабылі ў дамашнім паядынку з венгерскім «Веспрэмам» — 38:34. У партугальскай сталіцы лісабонскі «Спортынг» разграміў нарвежскі «Кольстад» — 44:31. Становішча каманд: «Берлін» — 18 ачкоў, «Ольбарг» — 15, «Веспрэм» — 10, «Спортынг» — 10, «Нант» — 8, «Кельцэ» — 7, «Кольстад» — 2, «Дынама» — 2.
Папярэдні этап чэмпіёнскай Лігі завершыцца 12 сакавіка 2026 года, пасля чаго па дзве лепшыя каманды з кожнай групы атрымаюць прамыя пуцёўкі ў чвэрцьфінал. Клубы, якія зоймуць 3-6-я месцы, правядуць стыкавыя паядынкі за выхад у 1/4 фіналу. Вырашальны этап ЛЧ пройдзе 13-14 чэрвеня ў Кёльне. У мінулым сезоне гандбалісты «Магдэбурга» пяты раз заваявалі Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, абыграўшы ў фінале «Берлін» з лікам 32:26. Часцей за іншых гэты трафей выйгравалі гандбалісты «Барселоны», у актыве якіх 12 перамог. Мінскі СКА тройчы станавіўся пераможцам галоўнага кантынентальнага клубнага турніру (1987, 1989, 1990).