Спецыялісты РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» (ЦНДІКВВР) правялі гідралагічныя даследаванні на рацэ Піна, паведамляе SB.by.
У інстытуце праінфармавалі:
— Супрацоўнікі аддзела гідралогіі і водаахоўных тэрыторый правялі вымярэнні папярочнага профілю рэчышча і расходу вады ракі Піна ў горадзе Пінску. Для выканання работ быў выкарыстаны сучасны гідраграфічны комплекс Apache 4 Pro, які забяспечвае выключную дакладнасць даных.
Такія вымярэнні праводзяцца для вызначэння параметраў воднага патоку, ацэнкі дынамікі рэчышча і рашэння інжынерна-гаспадарчых задач. Асноўныя мэты гэтых работ — вылічэнне плошчы жывога сячэння і расходу вады, ацэнка глыбінь і характару дна, праектаванне гідратэхнічных збудаванняў, прагназаванне паводак і кіраванне воднымі рэсурсамі, а таксама экалагічны маніторынг і пошукі.
Apache 4 Pro — гэта аўтаномны беспілотны гідраграфічны комплекс, абсталяваны рэхалотам/прафілографам і высокадакладнай сістэмай GNSS-навігацыі. Ён прызначаны для аўтаматызаванай пабудовы профіля дна, батыметрычнай здымкі і высокадакладнага вымярэння параметраў воднага патоку.— Навуковая дакладнасць сёння — залог экалагічнай бяспекі заўтра, — падкрэслілі ў РУП «ЦНДІКВВР».
Піна — рака ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, левы прыток Прыпяці (басейн Дняпра). Даўжыня — 40 км, плошча вадазборнага басейна — 2460 кв. км. Рэчышча слабазвілістае, шырынёй 35–45 м. Піна з’яўляецца часткай Дняпроўска-Бугскага канала. У горадзе Пінску на рацэ размешчаны рачны порт.