Top.Mail.Ru

Беларускія гімнасткі заваявалі два медалі на этапе сусветнага Кубка выкліку ў Пекіне

Беларускія спартсменкі выйгралі два медалі на другім этапе сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы 2026 года, які прайшоў у сталіцы Кітая.

У заключны дзень турніру, 21 чэрвеня, серабро ў практыкаванні з трыма абручамі і дзвюма парамі булаў узялі нашы Паліна Аляксандрава, Сафія Барысевіч, Валерыя Малькавіч, Ганна Шакун, Кір’яна Шаўцова і Таісія Ярчак. Лепшы вынік паказалі гаспадыні дывана з Кітая, тройку замкнулі расіянкі. Таксама нашы грацыі сталі восьмымі ў праграме з пяццю мячамі, а напярэдадні заваявалі бронзу ў групавым мнагабор’і.

У індывідуальных спаборніцтвах беларуска Дар’я Вярэніч паказала шосты вынік у фінале са стужкай, а Ганна Каменшчыкава заняла пятае месца ў практыкаванні з булавамі і сёмае — з мячом. Днём раней Вярэніч і Каменшчыкава былі ў асабістым мнагабор’і 8-й і 11-й адпаведна. 

Этап Кубка выкліку ў Кітаі стаў першым за некалькі гадоў турнірам пад эгідай World Gymnastics, на якім нашы грацыі выступілі з нацыянальнай сімволікай. Трэці і заключны этап розыгрышу пройдзе на гэтым тыдні ў Румыніі. Фінал Кубка свету адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня ў Італіі, а галоўны старт сезона-2026 — чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы — з 12 па 16 жніўня прыме Германія.

Сенсацыя на чэмпіянаце свету і будні беларускага футбола

На чэмпіянаце свету-2026, які гэтымі днямі праходзіць у Мексіцы, СЩА і Канадзе, стварылася сапраўдная сенсацыя: футбалісты Эквадора не змаглі паразіць вароты зборнай малюсенькай астраўной дзяржавы Кюрасаа (0:0). Галкіпер астравіцян Элай Ром адбіў 15 удараў і пабіў рэкорд мундзіяляў па сэйвах у асноўны час, а яго каманда набрала першае ў гісторыі ачко на ЧС.

А тым часам у нядзелю трыма гучнымі паядынкамі завяршыўся 12 тур нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе.

У цэнтральным паядынку гэтага ўік-энду мінчане перамаглі на выездзе гродзенскі «Нёман» з лікам 3:1. У самым пачатку гульні Аляксей Іваноў вывеў мінчан наперад, у сярэдзіне другога тайма Дан Спетару зраўняў вынік, а потым Ягор Молчан і Гулжыгіт Алыкулаў яшчэ двойчы паразілі вароты гаспадароў поля.

Напярэдадні ўладальнікі Кубка Беларусі футбалісты БАТЭ ў паядынку на «Барысаў-Арэне» двойчы вялі ў ліку ў дзяржынскага «Арсенала», але ў выніку саступілі з лікам 2:3. А футбалісты «Мінска» на полі сталічнага стадыёна «Трактар» згулялі ўнічыю з дзейным чэмпіёнам краіны «МЛ Віцебск» — 2:2.

Вынікі астатніх сустрэч 12-га тура: «Нафтан» (Наваполацк) — «Баранавічы» — 1:0, «Белшына» (Бабруйск) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 0:2, «Віцебск» — «Дынама» (Брэст) — 1:2, «Славія» («Мазыр» — «Іслач» (Мінскі раён) — 0:2, «Гомель» — «Днепр» (Магілёў) — 2:0.

У забегу «Гарадзенская вандроўка» выйшлі на старты 1,7 тыс. атлетаў

Па гістарычных вуліцах Гродна ў нядзелю прабеглі больш як 1700 удзельнікаў IX лёгкаатлетычных спаборніцтваў «Гарадзенская вандроўка».

Традыцыйны гродзенскі забег праходзіць пад слоганам «Гісторыя ў кожным кроку»: яго маршрут пабудаваны так, каб бегуны змаглі ўбачыць усе асноўныя славутасці старажытнага горада.

Дарослыя пераадолелі дыстанцыю ў 10 ці 5 км. Юныя спартсмены (а іх тут было 200) беглі на выбар 400, 200, 100 ці 60 метраў з падзелам па ўзроставых групах: 10-12, 8-9, 6-7, 3-5 гадоў.


«Гэта адзін з самых цікавых праектаў, і не толькі бегавы, спартыўны, але і адначасова турыстычны, пазнавальны. Сёння няма іншага прабегу, дзе можна на працягу гадзіны паглядзець усе асноўныя гістарычныя лакацыі горада, — адзначыў начальнік упраўлення спорту Міністэрства спорту Алег Андрэйчык. — Бегавыя спаборніцтвы на Гродзеншчыне зарадзіліся вельмі даўно, і ў іх вялікая будучыня».

Атлеты стартавалі на плошчы Леніна і фінішавалі на стадыёне цэнтральнага спартыўнага комплексу «Нёман». Першым фінішную стужачку перасек прадстаўнік Гомельшчыны Уладзіслаў Прамаў, трэнер Гомельскага гарадскога цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Ва Уладзіміра вялікі спартыўны вопыт: ён удзельнічаў у Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра, у чэмпіянаце свету ў горадзе Доха, перамагаў у Мінскім паўмарафоне.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю