У нямецкім Франкфурце стартуе чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы 2026 года з удзелам беларускіх спартсменак, паведамляе БелТА.
На галоўным старце сезона Беларусь прадставяць Аліна Гарнасько, Дар’я Вярэніч і Ніколь Лявута, а таксама нацыянальная каманда ў групавых практыкаваннях (Паліна Аляксандрава, Сафія Барысевіч, Валерыя Мальковіч, Ганна Шакун, Кір’яна Шаўцова, Таісія Ярчак). У кваліфікацыі індывідуальнага мнагабор’я ў залік кожнай дзяўчыны пойдуць тры лепшыя практыкаванні з чатырох: Аліна прадэманструе праграмы з усімі прадметамі, Дар’я выступіць у кампазіцыях з мячом, абручом і булавамі, а Ніколь — са стужкай.
Барацьбу за пуцёўкі ў асабістыя фіналы гімнасткі павядуць 12 і 13 жніўня, прызёры ў індывідуальным мнагабор’і вызначацца ў пятніцу, у групавым мнагабор’і — у суботу. Па тры лепшыя спартсменкі і каманды атрымаюць алімпійскія ліцэнзіі на Гульні-2028 у Лос-Анджэлесе. У заключны дзень чэмпіянату свету 16 жніўня будуць разыграны шэсць камплектаў узнагарод у асобных практыкаваннях (чатыры асабістыя і два камандныя). Усяго на турнір заявіліся 350 грацый з 73 краін.
Папярэдні раз беларускія гімнасткі выступалі на планетарным форуме ў 2021 годзе. Тады ў Японіі нашы спартсменкі заваявалі 7 узнагарод (1-2-4), а Гарнасько стала першай у XXI стагоддзі чэмпіёнкай свету з Беларусі (стужка). У бягучым сезоне Аліна і зборная ў групавых практыкаваннях станавіліся прызёрамі чэмпіянату Еўропы, этапаў Кубка свету і Кубка выкліку.