Беларускія спартсменкі заваявалі дзесяць медалёў міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы ў нямецкім Фельбах-Шмідэне, паведамляе БелТА.
У заключны дзень турніру дзяўчаты вызначылі прызёраў у асобных відах. Сярод сеніёрак наша Дар’я Вярэніч прыняла ўдзел у трох фіналах (з мячом, булавамі і стужкай) і ў кожным з іх заваявала серабро. Ва ўсіх відах беларуску апярэджвалі прадстаўніцы Германіі — Лада Пуш (мяч), Дар’я Варфаламеева (булавы) і Вікторыя Штайнфелд (стужка). У практыкаванні з мячом наша Дар’я Ткачова заняла сёмае месца. Раней Вярэніч перамагла ў мнагабор’і, а Ткачова была ў самым прэстыжным відзе праграмы чацвёртай.
У юніёрак дзве залатыя ўзнагароды ў асобных відах узяла беларуска Маргарыта Журовіч (мяч і стужка), яе суайчынніца Ксенія Бандарэнка паказала лепшы рэзультат у практыкаванні з абручом і выйграла бронзу з булавамі. Таксама нашы дзяўчаты атрымалі перамогу ў камандным турніры. Яшчэ адзін медаль вышэйшай пробы Беларусі прынесла зборная ў групавых практыкаваннях, якая стала лепшай у кампазіцыі з пяццю мячамі. Увогуле нашы грацыі заваявалі ў Фельбах-Шмідэне 10 узнагарод (6-3-1).