Беларускія спартсменкі выйгралі больш за дзясятак медалёў міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы Keti Cup у Тбілісі, паведамілі БелТА ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
У актыве нашай каманды тры залатыя, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя ўзнагароды. У сеніёрак чатыры медалі прынесла Ганна Каменшчыкава, якая перамагла ў практыкаваннях з абручом, мячом і мнагабор’і, а таксама замкнула тройку са стужкай. Чатырохразовым прызёрам стала і Ніколь Леута, на яе рахунку тры сярэбраныя ўзнагароды (абруч, булавы, стужка) і бронза ў мнагабор’і.
Акрамя таго, у юніёрскім заліку беларуска Вера Канапацкая заняла другое месца ў практыкаванні са стужкай і трэцяе — з булавамі, а Анастасія Ільенка паказала трэці вынік у праграме з абручом. Удзел у спаборніцтвах у Тбілісі таксама прынялі грацыі з Грузіі, Расіі, Латвіі, Малдовы, Кіпра, Азербайджана і Сірыі.