Top.Mail.Ru

Прымусіць сэр­ца біц­ца зноў. Бе­ла­рус­кія кар­дыя­хі­рур­гі пра­вя­лі ўні­каль­ную апе­ра­цыю не­маў­ля­ці

Бе­ла­рус­кія дзі­ця­чыя кар­дыя­хі­рур­гі ў чар­го­вы раз вы­ка­на­лі скла­да­ную і ўні­каль­ную апе­ра­цыю но­ва­на­ро­джа­на­му. За яе не ўзя­лі­ся ра­сій­скія спе­цы­я­ліс­ты, і маск­віч­ка Свят­ла­на Ка­лі­ні­ча­ва пры­еха­ла ў Мінск. Апе­ра­цыя яе дач­цэ Крыс­ці­не доў­жы­ла­ся 10 га­дзін, у тым лі­ку на 1,5 га­дзі­ны сэр­ца не­маў­ля­ці спы­ня­лі. У апе­ра­цыі бы­ло за­дзей­ні­ча­на 10 спе­цы­я­ліс­таў, а пра­во­дзіў яе ды­рэк­тар РНПЦ дзі­ця­чай хі­рур­гіі, кар­дыя­хі­рург Кан­стан­цін ДРАЗ­ДОЎ­СКІ.

 


1,5 гадзіны са спыненым сэрцам 

Крысціна нарадзілася ў РНПЦ «Маці і дзіця» 20 студзеня са складаным парокам сэрца і важыла ўсяго 2,5 кілаграма. На наступны дзень яе даставілі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Немаўляці дыягнаставалі складаны камбінаваны прыроджаны парок сэрца, які патрабаваў экстраннага ўмяшання ў найбліжэйшыя дні. Вялікую рызыку несла малая вага дзяўчынкі — такія аперацыі пры нізкай масе цела робяцца рэдка. Падчас хірургічнага ўмяшання кардыяхірургам удалося ўстараніць перарыў дугі аорты, аднавіць цэласнасць галоўнага магістральнага сасуда, які адыходзіць ад сэрца, а таксама закрыць дэфект міжжалудачкавай перагародкі — на вялікае шчасце без усялякіх ускладненняў. 

Канстанцін Драздоўскі адзначае, што апошнім часам нярэдка дзеці нараджаюцца з нізкай масай цела, адбываецца гэта ў тым ліку і па прычыне актыўнага развіцця ў нашай краіне і за мяжой экстракарпаральных тэхналогій апладнення. 

— Гэта выклік для дзіцячых кардыяхірургаў, для ўсіх урачоў, таму што мы бачым вельмі шмат дзяцей з масай цела менш за 2,5 кілаграма, часам нават менш за 2. Складана і тэхнічна, і тэрапеўтычна лячыць такіх пацыентаў, але мы ідзём у нагу з патрабаваннямі часу і падладжваем тэхналогіі пад тое, каб гэтыя дзеткі ўсё ж такі атрымлівалі поўную дапамогу, — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ. 

Каля 10 гадзін маленькая Крысціна правяла ў аперацыйнай, больш за паўтары — яе сэрца было спынена. 

— Рэканструкцыя, якая выканана, унікальная тым, што, як правіла, ва ўсім свеце гэтыя аперацыі робяць у два этапы, але мы прынялі рашэнне на падставе нашага вопыту і магчымасцяў усё ж паспрабаваць вылечыць дзіця за адзін этап. Гэта, вядома, павялічвала рызыкі, але, на шчасце, прывяло да поспеху, — дзеліцца Канстанцін Драздоўскі. 

Аднаэтапная аперацыя нясе больш рызык, але пры двухэтапнай карэкцыі дзіця пераносіць дзве аперацыі, прычым другая заўсёды вельмі складаная — пасля першай утвараюцца спайкі, што стварае праблемы кардыяхірургам у тым, каб падабрацца да сэрца. 

— Пры двухэтапнай карэкцыі паміж першым і другім этапам дзіця не жыве нармальным жыццём. Мы ж хацелі этап станаўлення дзіцяці, развіцця нервовай сістэмы зрабіць паўнавартасным. Таму выканалі гэту аперацыю адразу пасля нараджэння ў адзін этап, і ў дзіцяці будзе цалкам здаровае сэрца, — адзначае Канстанцін Драздоўскі. 

Як дадае загадчык аддзела дзіцячай кардыяхірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі Юрый ЛІННІК, у падобнага роду аперацыях, як і ва ўсіх кардыяхірургічных умяшаннях, удзельнічае вялікая каманда ўрачоў, медыцынскіх сясцёр і іншага медыцынскага персаналу. Гэта аперыруючы хірург, асістэнты, урач-анестэзіёлаг, медыцынскія сёстры-анестэзісткі, урач-перфузіёлаг, урач-кардыёлаг — ад 8 да 10 спецыялістаў. Пасля маленькі пацыент яшчэ шмат часу праводзіць у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. 

Сёння маленькая Крысціна ўжо знаходзіцца разам з мамай у звычайнай палаце. Дзяўчынка стала лепш есці, больш рухацца, прыбавіла ў вазе і рыхтуецца да выпіскі — па прагнозах урачоў яна чакаецца на наступным тыдні, пасля чаго сям’я адправіцца дадому ў Маскву. 

Па наладжаным алгарытме 

У РНПЦ дзіцячай хірургіі праводзіцца дастаткова шмат аперацый з прыроджанымі парокамі сэрца. Тая, што была праведзена Крысціне, — вельмі рэдкая і патрабуецца раз на некалькі гадоў. Ёсць тыя, што робяцца часта. Усяго ў год тут выконваюць каля 1200 хірургічных умяшанняў, прычым усе з іх — высокатэхналагічныя. 

— Больш чым палове дзяцей мы выконваем эндаваскулярныя аперацыі, гэта значыць, міні-інвазіўныя ўмяшанні без разрэзаў. Гэта дазваляе пазбегнуць траўмы ў дзіцяці, працяглага знаходжання ў рэанімацыі і аддзяленнях, — падкрэслівае Канстанцін Драздоўскі. 

Пры гэтым застаецца катэгорыя пацыентаў, у тым ліку нованароджаныя дзеці, якім адразу пасля нараджэння патрабуецца аперацыя. У РНПЦ дзіцячай хірургіі іх выконваюць своечасова. І такая сістэма ў нашай краіне дакладна наладжана. 

— Як правіла, дзеткі, у якіх ёсць парок сэрца, вядомыя нам яшчэ да нараджэння за кошт высокай арганізацыі прэнатальнай дыягностыкі, УГД, работы неанатолагаў, акушэр-гінеколагаў. Гэтыя дзеці нараджаюцца практычна заўсёды ў РНПЦ «Маці і дзіця» і па наладжаным алгарытме досыць хутка дастаўляюцца ў наш цэнтр, — расказвае Канстанцін Драздоўскі, падкрэсліваючы, што цяпер у клініцы маецца ўсё, што ёсць у свеце, патрэбнае для лячэння дзіцячага сэрца. 

Трэба адзначыць, што аперацыя маленькай Крысціне была зроблена бясплатна, бо экстранная дапамога ў нашай краіне расіянам аказваецца на такіх жа ўмовах, як і беларусам. Пры гэтым да беларускіх кардыяхірургаў нярэдка прыязджаюць маленькія пацыенты і з іншых краін. Сёння ў цэнтры праходзяць лячэнне юныя пацыенты з Кіргізіі і Казахстана, ім праведзены платныя аперацыі. За апошнія гады экспарт паслуг (сума, якую РНПЦ зарабляе на аперацыях у замежных пацыентаў) вырас у тры разы. 

— Апошнім часам у нас шмат пацыентаў з сярэднеазіяцкіх краін, — адзначае кіраўнік РНПЦ дзіцячай хірургіі. — У нас ёсць праграма з Дзяржаўным фондам Казахстана. Тых пацыентаў, якіх яны не могуць прааперыраваць ці ў лячэнні якіх ім адмаўляюць у іншых краінах, адпраўляюць да нас. Фонд аплачвае іх лячэнне. Прыязджаюць таксама пацыенты з Азербайджана, Кіргізіі, Узбекістана. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю