Гродзенскі «Нёман» згуляе на выездзе са славацкім «Кошыцэ» (пачатак сустрэчы ў 21.00). У выпадку поспеху па суме дзвюх гульняў падапечныя Ігара Кавалевіча ў 3-м раўндзе сустрэнуцца з пераможцам пары «Раднічкі» (Ніш, Сербія) — «Клаксвік» (Фарэрскія астравы). У першым крузе кваліфікацыі трэцяга па рангу кантынентальнага турніру «Нёман» двойчы перайграў армянскі «Урарту» з Ерэвана — 2:1 і 4:0.
Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» ў намінальна хатнім матчы ў венгерскім Самбатхеі сустрэнуцца з ізраільскім «Макабі» з Хайфы (пачатак гульні ў 21.00). Калі каманда Дзмітрыя Молаша пройдзе далей, то будзе супернічаць з лепшым клубам пары «Ракув» (Польшча) — «Жыліна» (Славакія). На старце турніру тарпедаўцы перамаглі паўночнамакедонскі клуб «Работнічкі» са Скоп’е — 3:0 і 1:0.
Мінскае «Дынама» прыме ў венгерскім Мезекевешде албанскі клуб «Эгнатыя» (пачатак матчу ў 21.45). Пераможца гэтай пары згуляе ў трэцім раўндзе з пераможцам сустрэч паміж славенскай «Алімпіяй» і андорскім «Інтэрам». Учора ў першай гульні ў Любляне славенцы выйгралі з вынікам 4: 2. Мінскія дынамаўцы пачыналі еўракубкавы сезон у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы па суме дзвюх сустрэч балгарскаму «Лудагорцу» з Разграду — 0:1 і 2:2.
Паядынкі ў адказ другога круга кваліфікацыі Лігі канферэнцый пройдуць 31 ліпеня. Каб прабіцца ў асноўны этап, камандам трэба паспяхова пераадолець чатыры кваліфікацыйныя бар’еры.