Перадача беларускіх кніг аб Вялікай Айчыннай вайне ў Дзяржаўны мемарыяльны музей абароны і блакады Ленінграда прайшла ў ходзе праграмы паказаў канцэрта-рэквіема «Кожны трэці», перадае БелТА.
«Сімвалічна, што паказ канцэрта-рэквіема „Кожны трэці“ ў Санкт-Пецярбургу прымеркаваны да 85-годдзя пачатку блакады Ленінграда. На паказе адбылася перадача цікавых выданняў ад беларускага боку, падрыхтаваных выдавецтвамі і аўтарамі ў дар Дзяржаўнаму мемарыяльнаму музею абароны і блакады Ленінграда. Гэтыя кнігі ўяўляюць навуковую і гістарычную каштоўнасць, з’яўляюцца важнейшым інструментам у справе захавання гістарычнай памяці і праўды Вялікай Айчыннай вайны і служаць пабудове сумеснай будучыні і захаванню светлага, мірнага неба над галавой. Таму што ў народа, які не памятае сваю гісторыю і не шануе сваю памяць, будучыні няма», — сказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч.
Паводле яе слоў, адным з важнейшых падарункаў стала серыя кніг «Геноцид белорусского народа». У ёй прадстаўлены атрыманыя ў ходзе расследавання Генеральнай пракуратурай Беларусі крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа доказы масавага знішчэння карнікамі мірнага насельніцтва акупіраваных тэрыторый БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Перададзены шэраг іншых навукова-папулярных кніг і выданняў, якія прысвечаны трагічным старонкам гісторыі ВАВ і яе герояў, подзвігу беларускага народа, салдат розных нацыянальнасцей усёй постсавецкай прасторы. Сярод іх серыя «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці», у якой выдадзены кнігі «Хатынь. Трагедыя беларускага народа», «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы», «Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку», «Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных» , «Озаричи. Дорога смерти», «Асіповічы. Трагічныя старонкі гісторыі», «Глыбоцкае гета», «Красный Берег — символ трагедии и скорби». Тэме агульнай барацьбы савецкага народа супраць гітлераўскіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прысвечаны праект «Разам! Вялікая Перамога». Паводле слоў Іны Адамовіч, кніга раскрывае лёсы і гісторыі подзвігаў партызан, падпольшчыкаў, герояў Вялікай Айчыннай вайны і сімвалізуе наша сумеснае мінулае і мірную будучыню, залогам якой з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці, у тым ліку аб Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, сярод перададзеных выданняў — камплект з чатырох кніг ад выдавецтва «Беларусь», створаных пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі на рускай і англійскай мовах.
«Восьмага верасня традыцыйна адзначаецца Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда. Гэта такая дата, якая не можа пакінуць абыякавым ні аднаго жыхара Санкт-Пецярбурга, ці горада-героя Ленінграда, таму што практычна ў кожнай ленінградскай сям’і ёсць свая блакадная гісторыя. І вельмі сімвалічна, што сёння гэту дату мы адзначаем такой важнай, патрэбнай, вельмі гістарычна абгрунтаванай падзеяй, як перадача кніг ад беларускага боку, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Кніг, якія нясуць праўдзівую інфармацыю, тую самую гістарычную праўду, якую мы ўсе шукаем, да якой мы ўсе імкнёмся. І я ўпэўнена, што гэта мерапрыемства дасць магчымасць нам яшчэ больш пасябраваць з братэрскай Беларуссю», — дадала дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага музея абароны і блакады Ленінграда Алена Лезік.
Паводле яе слоў, гэтыя выданні будуць уключаны ў калекцыю навуковай бібліятэкі, якая фарміруецца па даручэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Яна падкрэсліла, што Санкт-Пецярбург у адказ перадасць Беларусі кнігі, якія прысвечаны гісторыі музея абароны і блакады Ленінграда.