Top.Mail.Ru

Беларускія кнігі перададзены ва ўніверсітэт у Шанхаі

Цэнтр даследаванняў Беларусі ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце працуе ўжо каля 15 гадоў. І ўвесь гэты час яго ўзначальвае прафесар Бэй Вэньлі. Толькі падыходзіш да памяшкання цэнтра, як цябе сустракаюць здымкі з беларускімі краявідамі. Аўтар гэтых фатаграфічных работ — сам прафесар, які доўгі час працаваў у Мінску саветнікам па адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. 


Уяўленням студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта пра Беларусь спрыяюць не толькі віртуальныя стасункі, якія арганізаваны цэнтрам з ВНУ Беларусі, з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, рознымі адукацыйнымі і навукова-практычнымі ўстановамі Мінска, але і бібліятэка беларускіх кніг, рупліва сабраная ў старэйшай педагагічнай ВНУ ў Шанхаі. Вось і днямі яна папоўнілася выданнямі серыі «Сучасная беларуская літаратура». Кнігі з творамі сучасных беларускіх празаікаў у Цэнтр даследаванняў Беларусі перадаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, празаік і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Кароль. 

— Мы рады падарунку, — зазначыў прафесар Бэй Вэньлі. — Кнігі на беларускай і рускай мове, упэўнены, будуць карыстацца попытам. Гартаючы іх, бачу, што тут змешчаны творы Алега Ждана, Валянціны Драбышэўскай, Анатоля Матвіенкі, Алеся Жука, Алеся Карлюкевіча, Веры Зелянко... Мы будзем раіць нашым магістрантам, студэнтам рыхтаваць па іх апавяданнях, аповесцях курсавыя і дыпломныя работы, даклады на канферэнцыі і ў нашы ўніверсітэцкія навуковыя выданні. Упэўнены, што кнігі будуць працаваць!.. 

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю