Рашэнне пра лёс беларускіх Мальдываў прынялі яшчэ на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу летась. Было вырашана адмовіцца ад татальнай рэкультывацыі, якая абышлася б у дзясяткі мільёнаў рублёў. Самыя маляўнічыя лакацыі вырашылі захаваць для турыстаў. У маі кар’еры прызналі геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння, што дазволіла пачаць тут гаспадарчую дзейнасць.
Зараз тэрыторыю плошчай 350 гектараў разбілі на сектары. Тут адвялі месцы пад будаўніцтва гасцініцы, кафэ, лазняў, а таксама пад размяшчэнне палатачнага гарадка і глэмпінгаў. У асобныя зоны выдзелілі месцы для рыбалкі і экстрэмальных відаў спорту, а таксама канатныя дарогі, пункты пракату лодак і сапбордаў. Дадаткова пракладуць спецыяльныя маршруты для веласіпедаў, квадрацыклаў і матацыклаў. Усе небяспечныя ўчасткі засцерагуць.
Як адзначыў старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, на дадзеным этапе ўжо праведзены грамадскія абмеркаванні, тэрыторыя падзелена на зямельныя ўчасткі. «Чакаем бізнес, а бізнес адрэагаваў вокамгненна. І на гэтым этапе мы маем ужо некалькі заявак для таго, каб пачынаць актыўную работу ў гэтым кірунку. Купацца, несумненна, мы зможам там, нягледзячы на тое, што маюцца вялікія глыбіні, але рэльеф абваднення кар’ераў дазваляе вылучыць пэўныя зоны пры захаванні тэхнікі бяспекі», — сказаў ён.
Пытанні з дакументамі плануюць уладзіць да канца гэтага месяца, пасля чаго ўчасткі прапануюць прадпрымальнікам. У бліжэйшы час на аб’екце пройдуць першыя суботнікі па добраўпарадкаванні, у якіх прымуць удзел жыхары Ваўкавыскага раёна. Яны ж дапамогуць і з будаўніцтвам будучых турыстычных аб’ектаў.