Top.Mail.Ru

Беларускія медыкі паспяхова спалучаюць векавы вопыт і сучасныя інавацыі

Здаровы падыход

Якія магчымасці мае сучасная медыцынская ўстанова і што такое «аперацыі выхаднога дня»? 

Каб разабрацца ва ўсіх гэтых пытаннях, мы адправіліся на выязное прэс-мерапрыемства ад Нацыянальнага прэс-цэнтра ў 11-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска.

Шматпрофільны стацыянар

У прыёмным аддзяленні нас сустрэў галоўны ўрач Аляксей ЧАСНОЙЦЬ. Паводле яго слоў, 11-я гарадская клінічная бальніца сёння з’яўляецца шматпрофільным сучасным стацыянарам, у якім спалучаюцца векавыя традыцыі з аспектамі сучаснай медыцыны, што рэгулярна ўкараняюцца ў паўсядзённую практыку:


— Бальніца разлічана на 630 ложкаў, асноўныя кірункі — хірургічны і рэабілітацыйны. Акрамя таго, у нас функцыянуе гарадскі цэнтр паталогіі галавы і шыі, у які ўваходзяць два аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі, оталарынгалагічнае і афтальмалагічнае аддзяленні. Дарэчы, наша оталарынгалагічнае аддзяленне з’яўляецца ўнікальным у сваім родзе, таму што ў яго структуру ўваходзіць кабінет ранняй дыягностыкі пухліны галавы і шыі, у якім працуюць урач-аталарынголаг і ўрач сківічна-тварны хірург. Атрымліваецца, урачы любых спецыяльнасцяў, якія працуюць у паліклініках нашага горада, могуць накіроўваць да нас пацыентаў з падазрэннем на пухлінныя новаўтварэнні ў роце, носе і глотцы.

У бальніцы разбіраюцца з кожным выпадкам індывідуальна. І калі ёсць падазрэнне на тое, што ў арганізме пацыента адбываюцца пухлінныя працэсы, урачы бяруць біяпсію і ў найкарацейшыя тэрміны атрымліваюць вынік.

— Калі падазрэнне на анкалогію, на жаль, пацвярджаецца, чалавек шпіталізуецца на спецыялізаваным ложку ранняй дыягностыкі. На працягу тыдня мы можам цалкам абследаваць яго і падрыхтаваць для перадачы ў рукі анколагаў, — тлумачыць галоўны ўрач.

Аперацыі і аднаўленне

У 2024 годзе ў бальніцы быў пабудаваны новы хірургічны корпус, які цалкам аснасцілі сучасным абсталяваннем. Нам удалося пабываць у траўматолага-артапедычным аддзяленні і ўбачыць замкнёны цыкл аднаўлення функцый чалавека ў адным стацыянары — ад дашпітальнага этапу і аперацыі да рэабілітацыі.


— Цяпер мы выкарыстоўваем апаратуру, расходныя матэрыялы і кампаненты эндапратэзаў розных фірм-вытворцаў, пачынаючы ад беларускіх і заканчваючы сусветнымі лідарамі эндапратэзавання — амерыканскімі і швейцарскімі, — адзначае ўрач траўматолаг-артапед, загадчык аддзялення Юрый ПІЛЬЧУК. — Натуральна мы бачым рост якасці беларускіх вырабаў. Велізарны рывок — эндапратэз каленнага сустава, які аб’яднаў у сабе асноўныя дасягненні ў гэтай галіне. Таксама і ў рэабілітацыйным плане прыкметны вялікія поспехі пацыентаў у кантэксце аднаўлення статадынамічнай функцыі канечнасцяў пасля эндапратэзавання з выкарыстаннем у тым ліку нашых беларускіх эндапратэзаў.


За год у аддзяленні выконваецца каля 2 тысяч аперацый, з якіх 400–450 — эндапратэзаванне тазасцегнавых суставаў і 250 — эндапратэзаванне каленных суставаў.

Хуткая хірургія

На базе 11-й гарадской клінічнай бальніцы таксама працуе ўнікальны гарадскі цэнтр амбулаторнай і малаінвазіўнай хірургіі. Ён спецыялізуецца на правядзенні малатраўматычных аперацый, якія не патрабуюць доўгага знаходжання ў бальніцы. Яго галоўная задача — вырашыць хірургічную праблему ў рэжыме «хірургіі аднаго дня» або кароткатэрміновага стацыянара: пацыент праводзіць у клініцы ўсяго 3–4 дні і хутка вяртаецца да звыклага жыцця.


Адметна і тое, што гэта бальніца была адной з першых устаноў аховы здароўя, якая ўвяла аперацыі выхаднога дня.

— На дадзены момант па такіх кірунках, як траўматалогія, афтальмалогія, оталарынгалогія, рэўматалогія, мы забяспечваем аказанне медыцынскай дапамогі ў выхадныя і святочныя дні. Пацыенты могуць без чаргі выбраць свайго доктара, прыйсці да нас і закрыць усе пытанні. Гэта паслуга карыстаецца вялікай папулярнасцю ў нашай установе, — сведчыць Аляксей Часнойць.

Зусім нядаўна таксама да аперацый выхаднога дня на базе гэтай бальніцы далучылася і сківічна-тварная хірургія. Гэта любыя рэканструктыўныя аператыўныя ўмяшанні ў сківічна-тварнай вобласці, а таксама выдаленне цяжкіх 8-х зубоў пад наркозам.



Лізавета ГОЛАД, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю