Top.Mail.Ru

Беларускія медыкі выконваюць усе магчымыя ў свеце аперацыі па вяртанні слыху

У нашай краіне выконваюцца ўсе віды высокатэхналагічных хірургічных умяшанняў на вуху, якія існуюць у свеце. За апошнія 10 гадоў ніводны грамадзянін Беларусі не выехаў на лячэнне за мяжу. Больш за тое, на лячэнне ў РНПЦ отарыналарынгалогіі штогод прыязджаюць замежныя грамадзяне — як з краін СНД, так і іншых, у тым ліку Ізраіля, Германіі і ЗША. Вярнуць слых беларускія медыкі дапамагаюць у любым узросце. Самыя маленькія пацыенты, якім робіцца адна з найскладанейшых аперацый па аднаўленні слыху — кахлеарная імплантацыя, — шасцімесячныя дзеткі. Пры гэтым узрост дарослых для падбору слыхавых апаратаў і хірургічных умяшанняў не абмежаваны.


Магчыма ўсё

Штогод у цэнтры выконваецца каля дзвюх тысяч аперацый на вуха. Сярод складаных высокатэхналагічных умяшанняў усе тыпы тымпанапластыкі, у тым ліку з выкарыстаннем эндрапратэза слыхавых костачак, сістэм імплантацыі сярэдняга вуха касцяной праводнасці ці паветранай праводнасці пры пароках развіцця і хранічных атытах. Таксама гэта аднамомантавыя сімультанныя аперацыі ў дзяцей пры адсутнасці вушак — ім праводзіцца ўстаноўка імпланта касцяной праводнасці і пластыка вушной ракавіны. І, безумоўна, кахлеарныя імплантацыі, якія ў цэнтры выконваюць з 2000 года. На сёння ўжо зроблена больш за тысячу такіх умяшанняў.

З усёй колькасці аперацый на вуху 85 % — слыхапаляпшальныя. Прычым адначасова медыкі праводзяць і саніруючы, і слыхапаляпшальны этапы, каб пацыенту не прыходзілася праходзіць умяшанні двойчы.


— Усе віды аперацый, якія існуюць у свеце, выконваюцца і дарослым, і дзеткам. Уся неабходная дапамога аказваецца ў нас у краіне. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, і ўся дапамога аказваецца бясплатна на бюджэтнай аснове, — адзначае дырэктар РНПЦ отарыналарынгалогіі, кандыдат медыцынскіх навук Мікалай ГРЭБЕНЬ. — Дзецям кожныя два гады выдаецца слыхавы апарат пры тугавухасці. Раз у пяць гадоў дзеткам пасля кахлеарнай імплантацыі замяняецца маўленчы працэсар, дарослым — раз у дзесяць гадоў.

Скрынінг пачынаецца ў радзільным доме

Па звестках СААЗ, на тысячу нованароджаных нараджаецца адно дзіця з поўнай глухатой. Яшчэ два-тры дзіцяці на працягу некалькіх гадоў жыцця губляюць слых.

— Вельмі важна своечасова дыягнаставаць парушэнне слыху, для таго каб дзіця мела магчымасць дагнаць сваіх аднагодкаў у маўленчым развіцці, прадухіліць незваротнае парушэнне маўлення, інтэлекту і сацыялізацыі, — звяртае ўвагу загадчык отарыналарынгалагічнага (сурдалагічнага) аддзялення для дзяцей РНПЦ отарыналарынгалогіі Марына МІРАШНІЧЭНКА.

Для гэтага ў нашай краіне сёння дзейнічае праграма аўдыялагічнага скрынінгу. Яна ахоплівае 100 % нованароджаных дзяцей. Скрынінг пачынаецца яшчэ ў радзільных дамах. Здаровыя дзеткі праходзяць яго на трэці дзень жыцця, малыя з перанатальнай паталогіяй — за тры дні да выпіскі. Скрынінг уключае анкетаванне для выяўлення фактараў рызыкі парушэння слыху і рэгістрацыю отаакустычнай эмісіі. Падчас апошняй працэдуры счытваецца адказ уліткі (канал ва ўнутраным вуху) на гукавы сігнал, які падае апарат у слыхавы праход дзіцяці. Усе малыя, у якіх тэст выявіў парушэнні, у абавязковым парадку накіроўваюцца на кансультацыю да ўрачоў-сурдолагаў.

— Чым раней мы выяўляем парушэнне слыху і пачынаем пратэзаваць такіх дзяцей, тым больш яны маюць шанц дагнаць маўленчае развіццё сваіх аднагодкаў, пайсці вучыцца ў звычайныя агульнаадукацыйныя школы і ў далейшым сацыялізавацца ў грамадстве, — рэзюмавала Марына Мірашнічэнка.


Вучыцца чуць гукі

Зразумела, каб аднавіць маўленне, толькі аперацыі недастаткова. Гэта месяцы і нават гады заняткаў з педагогамі-дэфектолагамі і бацькамі. Затое вынікі ўражваюць: дзіця, якое рэагавала толькі на гук рэактыўнага самалёта, сёння можа чуць гэтак жа, як і звычайныя людзі.

— Сучасныя метады рэгуляцыі, максімальная ранняя дыягностыка, хуткае слыхапратэзаванне і своечасова карэкцыйная праца даюць шанц дзіцяці быць нароўні з тымі, хто чуе, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг отарыналарынгалагічнага аддзялення для дзяцей РНПЦ отарыналарынгалогіі Алена СЦЕЦУРЫНА.

Пасля ўстаноўкі слыхавога апарата ці кахлеарнай імплантацыі пачынаецца працэс рэабілітацыі. Дзіця вучаць чуць гукі навакольнага свету, каб разбудзіць цікавасць да таго, што адбываецца навокал, у тым ліку вучаць разумець звернутую да іх гаворку, і, адпаведна, самім гаварыць правільна.

— Гэта дае магчымасць такім дзеткам наведваць дзіцячыя садкі і школы нароўні з ўсімі дзецьмі, дазваляе ім выбіраць прафесію і атрымліваць жаданыя вынікі, — падкрэслівае Алена Сцецурына.


У аддзяленні слыхапратэзавання дапамагаюць падабраць слыхавыя апараты як дзецям, так і дарослым. Цяпер гэта сучасныя лічбавыя апараты, але вельмі важна ўстанавіць іх своечасова. Пацыенты, якія маюць права на сацыяльныя льготы, атрымліваюць слыхавыя апараты бясплатна за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Сёння гэта лічбавыя слыхавыя апараты дацкага вытворцы, якія адказваюць усім сучасным стандартам слыхапратэзавання.

Як расказала загадчык аддзялення слыхапратэзавання кансультатыўнай паліклінікі РНПЦ отарыналарынгалогіі Вольга КУЗНЯЦОВА, штогод у краіне закупляецца каля чатырох тысяч слыхавых апаратаў. Каля 700 пацыентаў пратэзуюцца ў цэнтры, астатнія атрымліваюць такую дапамогу ў рэгіёнах.

— Для таго каб ільготна атрымаць слыхавы апарат, неабходна звярнуцца па накіраванне да свайго ўрача-отарыналарынголага. Пры сабе мець пашпарт, пасведчанне інваліда, выпіску аб стане здароўя і дакумент, які пацвярджае права на льготу, — адзначае Вольга Кузняцова.

Права на льготы маюць інваліды першай, другой, трэцяй груп, дзеці да 18 гадоў з парушэннем слыху, незалежна ад таго, ці ёсць у іх група інваліднасці. З мінулага года гэты пералік пашырылі. Сярод тых, хто мае права на бясплатнае атрыманне слыхавога апарата, — малалетнія вязні, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, інваліды вайны, удзельнікі вайны, работнікі тылу.

Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю